Прэс-рэліз
Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя аднаго з самых таленавітых паэтаў у гісторыі беларускай літаратуры, драматурга і публіцыста - Янкі Купалы. 7 ліпеня эфір сацыякультурнага канала цалкам аддадзены класіку. Погляды розных пакаленняў на творчасць паэта ў тэматычных выпусках праграм, тэлевізійных версіях спектакляў, музычных і дакументальных фільмах. Падчас прагляду дакументальнага кіно гледачы змогуць актывізаваць функцыю схаванага субцітравання.
Янка Купала з’яўляецца сімвалам беларускай культуры, бо яго талент шматбаковы і разнастайны: ён быў рэдактарам адной з першых беларускіх легальных газет, стварыў мноства геніяльных паэм, яго п’есы да гэтага часу не страчваць актуальнасці і ставяцца на тэатральных сцэнах Беларусі, а яго вершы перакладзены на сотні моў свету.
Тэлеканал "Беларусь 3" таксама захоўвае светлую памяць пра паэта і ў дзень нараджэння класіка падрыхтаваў тэматычны эфір з праектамі, створанымі ў розныя гады, і, вядома, з прэм’ерамі.
Адна з прэм’ер - праект "Мой Купала". На працягу ўсяго дня ў эфіры "Беларусь 3" будуць выходзіць відэаролікі, дзе свае любімыя вершы Янкі Купалы прачытаюць людзі, вядомыя ў свеце тэатральнага мастацтва і кіно: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, актрыса тэатра і кіно Валянціна Гарцуева, акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук-Южакоў, актрыса тэатра і кіно Дар’я Парменянкова, спявачка Анастасія Малашкевіч, акцёр тэатра і кіно Раман Падаляка, актрыса тэатра і кіно Дзіяна Камінская.
Святочны дзень у 7:25 распачне тэматычны выпуск праграмы "Музеі Беларусі" пра Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і яго філіял "Вязынка".
Першая частка дакументальнага праекта "Тайны біяграфіі" выйдзе на тэлеканале ў 7:50 і 19:00 пад назвай "Янка Купала, Якуб Колас. Знак няроўнасці" (Белтэлерадыёкампанія, 2008). Падчас прагляду гледачы змогуць скарыстацца схаванымі субцітрамі.
У 8:15 і 21:30 "Беларусь 3" прапануе ўзгадаць народную камедыю "Паўлінка" ("Беларусьфільм", 1952). Ролі герояў легендарнай п’есы Янкі Купалы ў фільме выканалі Людміла Драздова, Уладзімір Дзядзюшка, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Барыс Платонаў, Уладзімір Кудрэвіч і Вера Пола.
Новы выпуск праграмы "Майстры і куміры" гэтым разам будзе таксама прысвечаны Янку Купалу. У гасцях вядучай праекта Марыны Драгінай - дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяпісу паэта з каментарыямі кампетэнтнага спецыяліста можна будзе ўбачыць у 9:35 і 16:35.
У 10:25 эфір працягне рок-опера "Песня пра долю" (Белтэлерадыёкампанія, 2013) паводле паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня", а пасля яе - у 11:30 - дакументальны праект "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2012), які распавядзе пра Янку Купалу на тэлебачанні, у тым ліку - з дапамогай схаваных субцітраў.
Фільм-паэма пра пісьменніка "А зязюля кукавала" ("Беларусьфільм", 1972) будзе прапанаваны ўвазе гледачоў у 13:10. Функцыя схаванага субцітравання будзе таксама даступная падчас прагляду.
Яшчэ адзін праект пад назвай "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2016) можна будзе ўбачыць на сацыякультурным канале ў 13:55. Гэта тэлеверсія вядомай фолк-оперы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паводле аднайменнай паэмы.
Тэмай чарговага выпуска праграмы "Тэатр у дэталях" у 15:30 стане яшчэ адзін спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі - "Кругі рая. Янка Купала" (Белтэлерадыёкампанія, 2016).
Рок-опера "Курган" паводле паэмы Янкі Купалы ўпрыгожыць эфір у 15:55 выступленнем вядомых беларускіх артыстаў, якія прынялі ўдзел у пастаноўцы на музыку Ігара Лучанка падчас фестывалю "Маладзечна-2012".
Спектаклем "Паўлінка" Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы распачынае кожны тэатральны сезон. За заляцаннямі Адольфа Быкоўскага і сапраўднымі пачуццямі Якіма Сарокі прапануе прасачыць і канал "Беларусь 3" - у 17:30 "Паўлінка" (Белтэлерадыёкампанія, 2002).
Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў прэм’еру - канцэртную праграму "Як на свет радзіўся Янка...". Канцэрт, запісаны генеральным прадзюсарскім цэнтрам медыяхолдынга спецыяльна з нагоды юбілею, можна будзе ўбачыць у 19:45.
Далей на сацыякультурным канале адбудзецца яшчэ адна прэм’ера - "Запіскі на палях" (Белтэлерадыёкампанія, 2017). Першая серыя новага дакументальнага праекта будзе прысвечаная песняру, і з ёй таксама можна пазнаёміцца з дапамогай схаваных субцітраў у 21:05.
Напрыканцы святочнага дня ў 22:50 "Беларусь 3" пакажа канцэрт з удзелам заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі" пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга на фестывалі "Маладзечна-2017" - "Купала і Колас. Вы нас гадавалі" (Белтэлерадыёкампанія, 2017).













