Да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаюць ва ўсім свеце 1 чэрвеня, каналы галоўнага медыяхолдынга краіны падрыхтавалі тэматычны эфір. Увазе аўдыторыі будуць прапанаваныя дабрачынны канцэрт і прыгодніцкі фільм, а таксама спецыяльныя выпускі праграм для маленькіх тэлегледачоў.
1 чэрвеня ў 15:20 у эфіры канала "Беларусь 2" моладзевая праграма "Пін_Код" распавядзе пра школу будучыні з электроннымі дзённікамі і смс-паведамленнямі. Ужо 310 школ у Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях падключаны да сістэмы электронных дзённікаў і часопісаў, рэалізаванай на платформе "Знай.бай". Зараз, калі дзіця прапусціць урокі, на тэлефон бацькам абавязкова прыйдзе смс-паведамленне. Хатнія заданні і бягучыя адзнакі навучэнцаў таксама будуць знаходзіцца ў вольным доступе для бацькоў.
3-га чэрвеня ў 13:35 "Беларусь 2" пакажа дабрачынны канцэрт "Дакрананне да жыцця", прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Галоўная мэта мерапрыемства - прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем дзяцей з анкалагічнымі і гематалагічнымі захворваннямі.
Удзел у дабрачынным канцэрце прымуць вядомыя беларускія выканаўцы, сярод іх народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, Ларыса Грыбалёва, Галіна Шышкова, Тэа і Вольга Рыжыкава, Герман, Вольга Плотнікава і інш. Таксама на мерапрыемстве выступяць дзіцячыя творчыя калектывы. Госцем канцэртнай праграмы стане расійскі спявак і акцёр Сасо Паўліяшвілі.
Культуралагічны канал "Беларусь 3" да Дня абароны дзяцей пакажа прыгодніцкі серыял "У пошуках капітана Гранта". Шматсерыйны тэлевізійны фільм Станіслава Гаварухіна паводле рамана Жуля Верна "Дзеці капітана Гранта" распавядзе гісторыю лорда Гленарвана, які падарожнічаючы на яхце "Дункан" разам з маладой жонкай Элен, арганізоўвае паляванне на акулу. У распоратым жываце рыбы муж з жонкай выяўляюць бутэльку з запіскай на трох мовах. Не без цяжкасці расшыфраваўшы пасланне, падарожнікі знаходзяць заклік аб дапамозе, які напісаў шатландскі капітан Грант… Першую серыю фільма "З Жулем Вернам вакол свету" тэлегледачы ўбачаць 1 чэрвеня ў 10:05.
У Міжнародны дзень абароны дзяцей маленькія героі праграмы "Дабраранак" таксама вырашылі арганізаваць сваё вялікае вясёлае свята. Яно пройдзе пад лозунгам "Дзень непаслушэнства!". А ў дзіцячай праграме "Калыханка" і зусім адбудуцца сапраўдныя цуды. Што з гэтага атрымаецца, юныя тэлегледачы "Беларусь 3" змогуць убачыць 1 чэрвеня ў 7:00 і 20:40 адпаведна.













