Прэс-рэліз
Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 74-й гадавіны вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць для сваіх гледачоў прамыя трансляцыі асноўных урачыстых мерапрыемстваў, канцэртныя праграмы і спецыяльны кінапаказ.
Тэматычнае афармленне тэлеканалаў медыяхолдынга з'явіцца ў эфіры напярэдадні Дня Незалежнасці. Святочныя лагатыпы па добрай традыцыі ўпрыгожаць кожны тэлеканал.
"Беларусь 1" і "Беларусь 24"
Ужо ў суботу, 30 чэрвеня, у 11:20 у эфіры галоўнага канала краіны пачнецца паказ мастацка-публіцыстычнага фільма "Як мы жылі на вайне" (Белтэлерадыёкампанія, 2018). Сумяшчаючы дакументальную хроніку, успаміны ветэранаў і тэатральныя пастаноўкі з удзелам артыстаў эстрады, у чатырох серыях гэты фільм распавядае пра цырульні, повараў, лазні, палявую кухню, сухпайкі, пошту і пасылкі таго часу.
2 ліпеня ў 21:45 гледачы "Беларусь 1" і міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" убачаць урачысты сход і святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, прысвечаныя Дню Незалежнасці.
3 ліпеня ў 9:55 тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пачнуць прамую трансляцыю ваеннага парада і масавага тэатралізаванага паказу "Мой родны кут", прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Каментатары - тэлевядучыя Вікторыя Сянкевіч і Юрый Гроераў.
Гледачоў галоўнага канала краіны ў гэты дзень чакае вялікі святочны марафон. Ужо з 8:00 у прамым эфіры пачне працаваць вялікі інфармацыйны канал Агенцтва тэленавін "Дзень Незалежнасці". Лепшыя журналісты, тэлевядучыя, каментатары ў кадры і за кадрам пражывуць Дзень Незалежнасці разам з усёй краінай.
Да эфірнага марафону падключыцца студыя "600 метраў" на Макаёнка, 9 з аператыўнымі навінамі ад вядучых Паліны Шубы і Сяргея Лугоўскага, а таксама ад карэспандэнтаў АТН з прамымі ўключэннямі з калоны ваеннай тэхнікі, з паркаў і сквераў, дзе стаць героем прамога эфіру зможа любы мінчанін або госць сталіцы.
На фоне асноўнага святочнага і відовішчнага мерапрыемства - ваеннага парада ля стэлы "Мінск - горад-герой" на пляцоўцы ля гасцініцы "Планета" размесціцца выязная студыя АТН. Вядучыя Юлія Пярцова і Яўген Перлін павіншуюць гледачоў са святам у кампаніі ветэранаў, вышэйшых службовых асоб, прадстаўнікоў міністэрскага корпусу, працоўных калектываў, удзельнікаў парада, артыстаў і запрошаных гасцей.
"Фармат выязной студыі станоўча зарэкамендаваў сябе пры асвятленні галоўных дзяржаўных мерапрыемстваў і святаў. На гэты раз мы будзем выкарыстоўваць ПТС і спецыяльны тэлескапічны кран. Падчас парада здымкі будуць весціся з дапамогай квадракоптара і лангборда са стэдыкамам, на якім наш аператар зможа ездзіць уздоўж калоны. Гледачоў чакаюць самыя сучасныя прафесійныя рэжысёрскія хады, арыгінальны графічны дызайн, новыя формы працы з відэаматэрыялам, закліканыя зрабіць трансляцыю высокадынамічнай і ў той жа час простай і зразумелай для масавай тэлеаўдыторыі", - адзначыў намеснік галоўнага дырэктара АТН Сяргей Хамянтоўскі.
Тэматычны кінапаказ пачнецца на першай кнопцы 30 чэрвеня ў 15:45 прэм'ерай серыяла "Чорная кошка" (Расія, 2016). Стужка заснавана на рэальных пасляваенных падзеях і распавядае пра бязлітасную, загадкавую і няўлоўную банду пасляваеннага часу, якая ўчыняла налёты, рабаванні і крывавыя забойствы. Галоўныя ролі ў серыяле выканалі Марыя Андрэева, Ігар Пятрэнка, Міхаіл Баярскі, Кацярына Гусева і іншыя.
2 ліпеня ў 5:50 эфір на канале пачне адна прэм'ера - серыял "Ой ма-мач-кі!..2" ("Беларусьфільм", 2018). Галоўная гераіня працуе ў радзільні, дзе кіруе адным з аддзяленняў. Дапамога будучым мамам - праца няпростая, але ўрачы робяць усё, каб жанчыны пакідалі клініку шчаслівыя.
3 ліпеня ў 06:20 тэлегледачоў чакае паказ знакамітай кінааповесці Льва Голуба "Дзяўчынка шукае бацьку" ("Беларусьфільм", 1959).
У 12:30 "Беларусь 1" пакажа карціну "Сляды на вадзе" ("Беларусьфільм", 2017) пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у пасляваенныя гады. Паводле сюжэта, начальнік крымінальнага вышуку Крыкуноў і яго напарнік павінны абясшкодзіць небяспечнага і няўлоўнага злачынца, але іх, здавалася б, ідэальна прадуманая аперацыя зрываецца. Высвятляецца, што ў аддзяленні міліцыі ёсць здраднік, які "злівае" інфармацыю…
У 15:25 гледачоў "Беларусь 1" чакае сустрэча з упадабанымі персанажамі лірычнай камедыі Ігара Дабралюбава "Белыя росы" ("Беларусьфільм", 1983).
У 18:05 прадоўжыць кінапаказ ваенны фільм "Адзінка" (Расія, 2015). Падзеі 1944-га не пакінуць абыякавымі гледачоў, якія будуць суперажываць героям, бо перад савецкімі артылерыстамі складаная задача - утрымаць мост, па якім плануе прайсці армія, і адначасова не паставіць пад пагрозу польскіх дзяцей, якія пражываюць у гэтай мясцоваці...
"Беларусь 2"
Тэлеканал да Дня Незалежнасці таксама падрыхтаваў тэматычны кінапаказ.
У ранішнім эфіры 3 ліпеня ў 7:05 пачнецца ваенная драма "Чаклун і Румба" ("Беларусьфільм", 2007) пра франтавы лёс сапёра Фёдара Чаклуна і яго чатырохногага памочніка - аўчаркі па мянушцы Румба.
У 8:40 і ў 22:05 гледачы ўбачаць фантастычны баявік "Мы з будучыні" (Расія, 2008) пра тое, як чацвёра маладых "чорных следапытаў" з нашага часу перамясціліся на палі бітваў Вялікай Айчыннай.
У 14:15 тэлеканал пакажа 8-серыйны ваенны дэтэктыў "Смерць шпіёнам!" (Украіна, 2007). Фільм раскажа пра падзеі 1944 года, калі на вызваленай тэрыторыі контрразведка сутыкнулася не з містычнымі прывідамі, а з новым відам зброі.
"Беларусь 3"
Адсвяткаваць Дзень Незалежнасці разам прапаноўвае і тэлеканал "Беларусь 3".
3 ліпеня ў 10:10 на сацыякультурным канале адбудзецца прэм'ера сямейнай меладрамы "Тум-Пабі-Дум" ("Беларусьфільм", 2017). Рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў распавядае гісторыю пра выхаванца дзіцячага дома Саньку, які вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі. Хлопчык вымушаны дзейнічаць паводле дарослых законаў, што ставіць яго перад сур'ёзным маральным выбарам.
У 11:45 падарункам для гледачоў стане канцэрт ансамбля народнай музыкі "Бяседа".
У 12:40 можна будзе ўбачыць гістарычную драму "Анастасія Слуцкая" ("Беларусьфільм", 2003).
У вялікім канцэрце "Маладзечанскі зарапад", запісаным Белтэлерадыёкампаніяй на фестывалі "Маладзечна-2018", у 14:15 выступяць вядомыя артысты: Ядвіга Паплаўская, вакальная гурт "Чысты голас", Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Іна Афанасьева, Надзея Мікуліч, Аляксей Хлястоў, Саша Нема, Анастасія Ціхановіч, Іскуі Абалян, Герман, гурт "Дразды" і іншыя.
Двухсерыйная драма "Вадзіцель аўтобуса" (Беларусьфільм, 1983) у 15:45 прапануе ўвазе гледачоў дэтэктыўную гісторыю, што адбылася на маршруце міжгародняга аўтобуса Мінск - Брэст.
У 18:00 эфір прадоўжыць канцэрт ансамбля "Сябры", запісаны Белтэлерадыёкампаніяй на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску - 2017".
У 21:05 ваенная драма "У жніўні 44-га…" (Беларусь-Расія, 2000) раскажа пра атрад смелых разведчыкаў, якія павінны ліквідаваць групу варожых лазутчыкаў.
Следам у 23:05 у эфір выйдзе чарговая серыя дакументальнага цыкла "Аперацыя "Баграціён" пад назвай "Мінская наступальная аперацыя".
Завершыць дзень у 23:30 гала-канцэрт ХХІ тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Зорка" (Белтэлерадыёкампанія, 2018).
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё
3 ліпеня правядзе тэматычны радыёдзень "Дзень Незалежнасці". Яго галоўнай асаблівасцю стане прамы рэпартаж з ваеннага парада і масавага тэатралізаванага паказу "Мой родны кут".
На працягу дня ў выпусках "Навін" запланаваны прамыя ўключэнні са святочных пляцовак Мінска і рэгіёнаў краіны.
Слухачам таксама будуць прапанаваны тэматычныя выпускі праграм, прысвечаныя 74-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці эфіру раскажуць пра дасягненні сучаснай Беларусі ў розных галінах, пра тое, як паважае маладое пакаленне подзвіг воінаў-вызваліцеляў.
Публіцыстычная праграма "Эпізоды Вялікай вайны" распавядзе пра ратны подзвіг нашых землякоў – пехацінца Марчанкі і партызана Дарашчонка, а таксама пазнаёміць з экспазіцыяй Музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Віктара Лабанка.
"Сямейная праграма" збярэ за круглым сталом курсантаў Ваеннай акадэміі Беларусі. Размова пойдзе аб прафесіі абаронцы Айчыны і ваенных дынастыях.
Тэме патрыятычнага выхавання будзе прысвечана і праграма "Пакаленне ХХI". Яе ўдзельнікі, члены атрадаў Паста № 1 горада-героя Мінска, распавядуць пра сваю вахту памяці ля Вечнага агню, падзеляцца ўражаннямі аб сустрэчах з ветэранамі вайны.
Праект "Тэатр Беларускага радыё" прапануе літаратурна-драматычныя пастаноўкі паводле творчасці класікаў беларускай літаратуры Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Гэта радыёспектакль "Альпійская балада" і радыёкампазіцыя "Бацькаўшчына светлая мая". У слухачоў будзе ўнікальная магчымасць пачуць голас Уладзіміра Караткевіча - у выкананні аўтара прагучаць фрагменты эсэ "Ты жывеш на гераічнай зямлі".
На працягу ўсяго радыёдня будуць гучаць святочныя канцэртныя праграмы "Сустрэчы з песняй" і "Настрой!". Спецыяльны выпуск праекта "Радыёла" будзе прысвечаны музыцы і песням з кінафільмаў ваеннай тэматыкі.
У праграме па заяўках "Вітаем, віншуем, жадаем!" можна будзе накіраваць словы падзякі ветэранам, а таксама павіншаваць са святам сваіх родных і блізкіх.
У радыёпраекце "Паэтычны эцюд" прагучаць вершы класікаў беларускай літаратуры, прысвечаныя роднай зямлі.












