Тэматычны эфір да Дня Незалежнасці на тэле- і радыёканалах галоўнага медыяхолдынга краіны

22.06.2017
Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 73-й гадавіны вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць для сваіх гледачоў прамыя трансляцыі асноўных урачыстых мерапрыемстваў, канцэртныя праграмы і спецыяльны кінапаказ.

Прэс-рэліз

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 73-й гадавіны вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць для сваіх гледачоў прамыя трансляцыі асноўных урачыстых мерапрыемстваў, канцэртныя праграмы і спецыяльны кінапаказ.

Тэматычнае афармленне тэлеканалаў медыяхолдынга з'явіцца ў эфіры ўжо вечарам 1 ліпеня. Святочныя лагатыпы па добрай традыцыі ўпрыгожаць кожны тэлеканал.

logo_b1.jpg

У суботу, 1 ліпеня, у 21:40 у эфіры "Беларусь 1" і "Беларусь 24" будуць паказаны ўрачысты сход і святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі "Каб любіць Беларусь!", прысвечаныя Дню Незалежнасці.

3 ліпеня ў 10:00 "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пачнуць прамую трансляцыю ваеннага парада і моладзевага шэсця "Будучыню Радзімы ствараць маладым" да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Каментатары - тэлевядучыя Вікторыя Сянкевіч і Юрый Гроераў.

Гледачоў галоўнага канала краіны ў гэты дзень чакае вялікі святочны марафон. Ужо з 8:00 у прамым эфіры пачне працу вялікі інфармацыйны канал Агенцтва тэленавін. Лепшыя журналісты, тэлевядучыя, каментатары ў кадры і за кадрам пражывуць Дзень Незалежнасці разам з усёй краінай.

На святочную пляцоўку ля стэлы "Мінск - горад-герой" тэлегледачы паглядзяць з выязной студыі АТН разам з вядучымі Юліяй Пярцовай і Яўгенам Перліным і запрошанымі гасцямі.

"Раскрыем усе карты: як рыхтаваліся да асвятлення парада, збіралі выязную студыю, як працуюць тры перасовачныя тэлевізійныя станцыі і дзясяткі камер і галоўнае - што адбываецца за пару хвілін да прамога эфіру. Лавіце стрымы журналістаў АТН у сацыяльных сетках. Запусцім тэматычныя хештэгі #ДН2017, #ДеньНезависимости2017, #3июля, #3июля2017, #ПарадLive, #мыБеларусь і разам выведзем у топ Дзень Незалежнасці ў Мінску. Станьце часткай інтэрактыўнай анлайн-кампаніі #ПарадLive у Facebook у супольнасці АТН (atnbtrc)", - гаворыць галоўны дырэктар Агенцтва тэленавін Сяргей Гусачэнка.

Да эфірнага марафону падключыцца студыя "600 метраў" на Макаёнка, 9 з аператыўнымі навінамі, а таксама карэспандэнты з прамымі ўключэннямі з калоны ваеннай тэхнікі, з агляднай пляцоўкі з відам на абеліск, з паркаў і сквераў, дзе стаць героем прамога эфіру зможа любы мінчанін або госць горада.

Агенцтва тэленавін пакажа ваенную і цывільную тэхніку за некалькі хвілін да старту, а таксама ўпершыню - асоб парада. Журналісты АТН распавядуць гісторыі тых, хто ідзе ў святочнай калоне, выступае ў роце ганаровай варты, кіруе танкам або вядзе паветранае звяно парада.

Спецыяльна ў Дзень Незалежнасці на "Беларусь 1" выйдзе тэлеверсія патрыятычнай акцыі "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", якую Белтэлерадыёкампанія правяла 14 мая на плошчы Дзяржаўнага флага пры садзейнічанні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Галоўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі дыпламанты аднайменнага музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу, які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Разам з Ірынай Дарафеевай, салістамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Анастасіяй Масквіной і Станіславам Трыфанавым яны выканалі Дзяржаўны гімн у вакальным і інструментальным суправаджэнні акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Тэматычны кінапаказ пачнецца на першай кнопцы ўжо 1 ліпеня ў 6:50 лірычнай камедыяй "Белыя Росы" ("Беларусьфільм", 1983) Ігара Дабралюбава паводле сцэнарыя беларускага пісьменніка Аляксея Дударава. У кінастужцы задзейнічаны зорны камедыйны склад акцёраў: Мікалай Карачанцаў, Міхаіл Какшонаў, Станіслаў Садальскі і іншыя. Гледачы "Беларусь 1" змогуць сустрэцца з любімымі артыстамі таксама 2 ліпеня ў 19:10.

У начным эфіры 1 ліпеня ў 23:20 - знакамітая кінааповесць "У бой ідуць адны “старыя” (СССР, 1974) з не менш зорнымі акцёрамі: Леанідам Быкавым, Сяргеем Івановым, Яўгеніяй Сіманавай, Уладзімірам Талашкам, Аляксеем Смірновым і іншымі.

2 ліпеня ў 15:30 працягнуць кінапаказ на "Беларусь 1" 4 серыі ваенна-прыгодніцкага серыяла "Без права на памылку" (Расія, 2010). Падзеі 1944-га не пакінуць абыякавымі гледача, які будзе суперажываць героям, бо перад імі пастаўлена задача - вызваліць акупіраваны і замініраваны горад у Польшчы.

У 22:10 гледачы змогуць сачыць за шпіёнскімі перыпетыямі ў фільме "Ялта-45" (Расія, 2011). Міні-серыял у 4-х серыях распавядзе пра восем дзён падрыхтоўкі Ялцінскай канферэнцыі. У цэнтры ўвагі - спецслужбы і дыверсанты, якія імкнуцца ў студзені 1945 года сарваць сустрэчу трох лідараў краін антыгітлераўскай кааліцыі: СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.

3 ліпеня тэматычны кінапаказ пачнецца на "Беларусь 1" у 12:20 з гераічнай драмы "Брэсцкая крэпасць" (Беларусь - Расія, 2010). Рэжысёр Аляксандр Кот. Трагічныя падзеі, звязаныя з абаронай фарпаста, паказаныя вачамі выхаванца музузвода 333-га палка Сашы Акімава. У фільме, заснаваным на рэальных падзеях, зняліся такія вядомыя акцёры, як Генадзь Гарбук, Андрэй Мярзлікін, Павел Дзеравянка, Анатоль Кот і шматлікія іншыя.

У 16:00 на галоўным канале краіны стартуе 4-серыйная ваенная драма "Аперацыя "Гаргона" (Расія, 2011) пра былых цыркавых артыстаў, якія зараз у складзе спецыяльнага атрада павінны прабрацца ў тыл ворага і дастаць важныя дакументы.

logo_b2.jpg

Адсвяткаваць Дзень Незалежнасці разам прапаноўвае і тэлеканал "Беларусь 2".

3 ліпеня ў 7:00 гледачы ўбачаць экранізацыю бессмяротнай аповесці Барыса Васільева "А досвіткі тут ціхія…" (Расія, 2015).

У 14:40 гераічную тэму працягне 4-серыйная ваенная драма "Старая стрэльба" (Расія, 2014) аб правінцыяльным настаўніку матэматыкі, які бярэ ў рукі схаваную зброю, калі ў яго дом прыходзіць няшчасце. Герою ў адзіночку даводзіцца супрацьстаяць нямецка-фашысцкім захопнікам, якія акупіруюць яго пасёлак і ўводзяць каменданцкую гадзіну.

belarus_3.jpg

Тэлеканал "Беларусь 3" да Дня Незалежнасці таксама падрыхтаваў тэматычны кінапаказ і спецыяльныя канцэртныя праграмы.

2 ліпеня ў 21:00 ваенная драма "У жніўні 44-га…" (Беларусь - Расія, 2000) распавядзе аб атрадзе адважных разведчыкаў, якія павінны ліквідаваць групу варожых лазутчыкаў. За барацьбой са шпіёнамі на ўжо вызваленай тэрыторыі Беларусі з'явіцца магчымасць сачыць у яшчэ большай аўдыторыі з дапамогай схаваных субцітраў, якія любы тэлеглядач зможа як актываваць, так і адключыць.

Дзень Незалежнасці на тэлеканале "Беларусь 3" пачнецца з канцэрта ансамбля народнай музыкі "Бяседа" (Белтэлерадыёкампанія, 2015) у 8:05.

У 8:55 эфір працягне драма "Дзяўчынка шукае бацьку" ("Беларусьфільм", 1959) пра маленькую дачку камандзіра партызанскага атрада, якую шукаюць гітлераўцы, каб выкарыстаць у якасці заложніцы. Падчас прагляду гэтага фільма гледачам таксама будзе даступная функцыя схаванага субцітравання.

Экранізацыю аднайменнага рамана Івана Шамякіна "Вазьму твой боль" ("Беларусьфільм", 1980) гледачы сацыякультурнага канала ўбачаць са схаванымі субцітрамі ў 10:25. У фільме Міхаіла Пташука герой Уладзіміра Гасцюхіна сустракае пасля вайны аднавяскоўца, які расстраляў усю яго сям'ю, калі быў на службе ў немцаў. Пасля фільма ў эфір выйдзе праект "Майстры і куміры" пра Івана Мацкевіча, які выканаў у фільме адмоўную, але яркую ролю здрадніка Шышковіча. Сёлета заслужанаму артысту Беларусі споўнілася 70 гадоў.

У 13:00 "Беларусь 3" пакажа канцэрт вакальнай групы "Камерата" - "Крылы", зняты Белтэлерадыёкампаніяй у 2017 годзе.

4-серыйная ваенная драма "Смяротная схватка" (Беларусь - Расія, 2010) пачнецца ў 15:30 і распавядзе пра падзеі ў Заходняй Беларусі ў 1944 г., калі фашысты спрабавалі перашкодзіць савецкім войскам увайсці ва Усходнюю Прусію.

У 18:30 святочны эфір працягне канцэрт, прысвечаны 45-годдзю ансамбля "Сябры", які Белтэлерадыёкампанія запісала на ХVІІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017".

У аснове сюжэта фільма "Гадзіннік спыніўся апоўначы" ("Беларусьфільм", 1958) - сапраўдныя падзеі партызанскай аперацыі па ліквідацыі мінскага гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Гераічную кінааповесць гледачы "Беларусь 3" убачаць у 21:05.

Завершыць святочны эфір у 22:50 гала-канцэрт ХХ Тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Зорка" (Белтэлерадыёкампанія, 2017).

radio1.jpg

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе эфірную акцыю "Дзень Незалежнасці". Яе галоўнай асаблівасцю стане прамы рэпартаж з ваеннага парада і моладзевага шэсця "Будучыню Радзімы ствараць маладым".

На працягу дня ў выпусках навін запланаваны прамыя ўключэнні са святочных пляцовак Мінска і абласцей краіны. Слухачам таксама будуць прапанаваны тэматычныя выпускі праграм, прысвечаныя несмяротнаму подзвігу абаронцаў Айчыны, дасягненням сучаснай незалежнай Беларусі ў навуцы, тэхніцы, медыцыне, асваенні космасу, культуры і мастацтве.

Святочны выпуск публіцыстычнага праекта "Галерэя" распавядзе пра знакамітых суайчыннікаў, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Спецыяльны выпуск праекта "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!" прапануе літаратурна-музычную кампазіцыю на вершы і песні аб Радзіме беларускіх аўтараў. Праграма заснавана на матэрыялах шматтысячнай акцыі, якая адбылася на плошчы Дзяржаўнага флага і стала фіналам аднайменнага музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу.

У святочных выпусках праграмы "Паэтычны эцюд" прагучаць вершы класікаў беларускай літаратуры, прысвечаныя роднай зямлі.

Праект "Тэатр Беларускага радыё" прапануе радыёспектакль "Млечны Шлях" паводле аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага. Гэта філасофскае разважанне пра лёс цывілізацыі, пра вечную барацьбу дабра і зла, у якой выяўляюцца лепшыя чалавечыя якасці.

"Беларуская калекцыя" распавядзе аб адлюстраванні патрыятычнай тэматыкі ў творчасці беларускіх кампазітараў і выканаўцаў. Слухачоў чакаюць сустрэчы з творамі Уладзіміра Мулявіна, Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня.

На працягу ўсяго радыёдня будуць гучаць святочныя канцэртныя праграмы "Мелодыі мінулых гадоў". У праграме "Вітаем, віншуем, жадаем!" жыхары краіны змогуць павіншаваць адно аднаго з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці.

radiocultura.jpg

Дзень Незалежнасці на канале "Культура" Беларускага радыё адкрые праект "Настальжы", які ўжо ў 00:05 прапануе слухачам песні ваенных гадоў.

Музычны тэматычны складальнік эфіру напоўніць увесь дзень 3 ліпеня: песні пра Мінск прагучаць у праграмах "У рытме дня" ў 7:50, "Міні-канцэрт на канале "Культура" - у 15:45. Праграма "Канцэрт на тэму" ў 9:35 і 14:35 будзе складацца з песень пра Беларусь. Твор кампазітара Пятра Падкавырава "Памяці Мікалая Гастэлы" можна будзе пачуць у праекце "Гісторыя фанатэкі" ў 11:30. У праекце "Вечары на канапе" ў 18:10 прагучаць музычныя творы мінулых гадоў, якія ўслаўляюць гераічны подзвіг савецкага народа.

Інфармацыйнае вяшчанне канала ў гэты дзень будзе заснавана на прамых уключэннях са святочных пляцовак усёй краіны. У рубрыцы "Актуальнае і цікавае" у 8:50 і 13:10 гутарка пойдзе аб рэспубліканскіх акцыях да Дня Незалежнасці. Карэспандэнты звяжуцца з установамі абласных цэнтраў, супрацоўнікі якіх распавядуць пра тэматычныя святочныя праграмы ў кожным рэгіёне.

Аматарам кнігі праграма "Літаратурная анталогія" ў 11:00 і 23:00 прапануе працяг "Альпійскай балады" Васіля Быкава. А праект для дзяцей "Д.Н.К." распавядзе пра музей ваеннай славы сталічнай сярэдняй школы №3.