Тэматычны эфір да дня нараджэння Генадзя Гарбука

18.07.2017
24 ліпеня народнаму артысту Беларусі Генадзю Міхайлавічу Гарбуку спаўняецца 83 гады. У дзень нараджэння знакамітага акцёра тэатра і кіно тэлеканал "Беларусь 3" пакажа спецыяльны выпуск праграмы "Майстры і куміры", спектакль "Ажаніцца - не журыцца" і мастацкі фільм "Воўчая зграя".

Прэс-рэліз

24 ліпеня народнаму артысту Беларусі Генадзю Міхайлавічу Гарбуку спаўняецца 83 гады. У дзень нараджэння знакамітага акцёра тэатра і кіно тэлеканал "Беларусь 3" пакажа спецыяльны выпуск праграмы "Майстры і куміры", спектакль "Ажаніцца - не журыцца" і мастацкі фільм "Воўчая зграя".

Яшчэ ў дзяцінстве Генадзь Гарбук выказваў цікавасць да мастацкай дзейнасці: займаўся танцамі і спевамі, чытаў вершы, кіраваў хорам і тэатральным гуртком. Скончыўшы школу, паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся акцёрскаму майстэрству на курсе Дзмітрыя Арлова. Апошнія 55 гадоў Генадзь Міхайлавіч служыць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, паралельна здымаецца ў кіно. За ўклад у развіццё беларускай культуры ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

За яго спінай дзясяткі роляў - ад другарадных персанажаў да галоўных герояў. Нязменна адно - безумоўны акцёрскі талент Генадзя Гарбука, яго ўменне глядзецца арганічна ў любым вобразе. Сацыякультурны канал "Беларусь 3" прапануе тэлегледачам успомніць, з чаго пачынаўся творчы шлях артыста, пазнаёміцца з ім бліжэй, атрымаць асалоду ад яго акцёрскай ігры.

Так, у 8:15 у эфір выйдзе праграма "Майстры і куміры" з удзелам Генадзя Гарбука. Акцёр успомніць свае вядомыя ролі, таварышаў, падзеліцца думкамі, поглядамі на жыццё - бытавое і акцёрскае.

У 14:15 тэлегледачы дзякуючы кінафондам Белтэлерадыёкампаніі змогуць пабываць у тэатры, не выходзячы з дому, і ўбачыць спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, вадэвіль у двух дзеях "Ажаніцца - не журыцца" (Белтэлерадыёкампанія, 1981 г.). Спектакль пастаўлены рэжысёрамі Барысам Уторавым і Андрэем Андросікам паводле твораў Міхася Чарота і братоў Далецкіх. У ролях: Генадзь Гарбук, Юрый Кухаронак, Аляксандр Гарцуеў, Уладзімір Кін-Камінскі, Павел Дубашынскі, Арнольд Памазан.

У 18:00 і ў 21:35 "Беларусь 3" пакажа ваенную драму з удзелам Генадзя Гарбука паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава "Воўчая зграя" ("Беларусьфільм", 1975 г.). Рэжысёр кінакарціны - Барыс Сцяпанаў. Фільм апавядае пра групу партызан, якіх праследваюць немцы. Ратуючыся ад пагоні, людзі хаваюцца ў гумне спаленай вёсачкі, аднак выжыць удаецца не ўсім. У стане экзістэнцыйнага жаху, калі смерць літаральна дыхае ў патыліцу, выяўляюцца сапраўдныя якасці простых на першы погляд герояў кінастужкі - іх адчайны гераізм, жыццёвая стойкасць і сіла духу. Дарэчы, фільм не проста заснаваны на аповесці Васіля Быкава - аўтар унікальных твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны таксама напісаў сцэнарый карціны, якая папоўніла залаты фонд беларускага кінематографа.

24 ліпеня тэлеканал "Беларусь 3" запрашае гледачоў разам адзначыць дзень нараджэння народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука.