Векавы юбілей унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 3" адзначаць тэматычным эфірам. Тэлегледачы ўбачаць прэм'еру фільма "Патруль 113", святочны канцэрт, а таксама спецыяльны паказ дакументальных і мастацкіх фільмаў.
16 сакавіка ў 22:30 у эфіры галоўнага канала краіны - урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя 100-годдзю ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства - Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Станіслаў Зась, Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч, намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў.
18 сакавіка ў 13:15 гледачы "Беларусь 1" убачаць прэм'еру мастацкага фільма "Патруль 113", які распавядзе ўсю праўду пра няпростую службу, працоўныя будні афіцэраў і сапраўдныя экстрэмальныя сутычкі байцоў. Дзеянні ў карціне максімальна набліжаныя да рэальнага жыцця і працы патруля. Ролі выканалі вайскоўцы ўнутраных войскаў, якія, не маючы спецыяльнай адукацыі і вопыту, паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі.
У здымках фільма ўдзельнічалі афіцэры Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі, байцы роты спецыяльнага прызначэння в/ч 5448, спецназа і САХРа.
Аўтарам сцэнарыя выступіў кіраўнік прэс-службы ўнутраных войскаў МУС падпалкоўнік Уладзімір Пархомцаў, падтрымалі праект маладыя кінематаграфісты: рэжысёр Сяргей Лебедзеў і аператары Дзяніс Астроўскі і Аліса Селішчава.
Дарэчы, убачыць усё закуліссе здымачнага працэсу фільма гледачы "Беларусь 1" змогуць з відэадзённікаў "Патруль 113. За кадрам", якія будуць выходзіць у вячэрнім эфіры з 12 па 17 сакавіка. Выпускі пакажуць і распавядуць, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся новаспечаныя акцёры, чаму, на іх думку, служыць у войсках прасцей, чым іграць у кіно.
18 сакавіка ў 15:50 хранікальна-дакументальны фільм "Унутраны фактар бяспекі", зняты творчай камандай тэлеканала "Беларусь 1", распавядзе гісторыю тых, хто штодня правярае сябе на трываласць, паказвае выдатную фізічную падрыхтоўку, абараняе наша жыццё, здароўе і бяспеку.
Сацыякультурны канал "Беларусь 3" да векавога юбілею ўнутраных войскаў 17 сакавіка ў 18:30 пакажа карціну "Сляды на вадзе" ("Беларусьфільм", 2017). Стужка раскажа пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у пасляваенныя гады. Згодна з сюжэтам, начальнік крымінальнага вышуку Крыкуноў і яго напарнік Смоліч павінны абясшкодзіць небяспечнага і няўлоўнага злачынца, але іх, здавалася б, ідэальна прадуманая аперацыя зрываецца. Нечакана высвятляецца, што ў аддзяленні міліцыі ёсць здраднік, які злівае інфармацыю…
Ролі ў фільме выканалі Арцём Курэнь, Пётр Юрчанкоў, Вераніка Пляшкевіч, Таццяна Чардынцава і іншыя.













