Прэс-рэліз
29 лістапада на спартыўным канале медыяхолдынга стартуе новы інфармацыйна-аналітычны праект "Агнявы рубеж", прысвечаны біятлону. Праграма раскажа пра выступленні беларускіх страляючых лыжнікаў на найбуйнейшых сусветных спаборніцтвах, іх падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў - 2018 у Пхенчхане і пра ўсё, што звязана з гэтым займальным відам спорту.
Імёны беларускіх біятланістаў на слыху ў кожнага айчыннага балельшчыка. Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна і Сяргей Новікаў ужо ўпісалі свае імёны ў гісторыю сусветнага спорту, стаўшы ўладальнікамі алімпійскіх узнагарод. Трансляцыі турніраў па біятлоне збіраюць ля экранаў шматлікую армію прыхільнікаў гэтага віду спорту, у тым ліку і ў нашай краіне.
Так, у нядзелю, 26 лістапада, стартуе першы этап Кубка свету па біятлоне ў шведскім Эстэрсундзе. Тэлеканал "Беларусь 5" будзе пільна сачыць за выступленнямі беларускіх спартсменаў ва ўсіх гонках, а пачатак прамой трансляцыі першага супермікса ў гэтым сезоне ў 16:05.
Старту біятлоннага сезона прысвечана і прэм'ера новага праекта "Агнявы рубеж" у эфіры "Беларусь 5". Праграма будзе расказваць аб апошніх навінах сусветнага і беларускага біятлона і паказваць тое, што звычайна схавана ад вачэй тэлегледачоў. Эксклюзіўныя інтэрв'ю з легендарнымі страляючымі лыжнікамі, меркаванні экспертаў і шмат іншага чакае прыхільнікаў гэтага віду спорту. Вядучая праекта - каментатар "Беларусь 5" Ганна Любянкова.
29 лістапада ў 18:35 першы выпуск "Агнявога рубяжа" раскажа аб стартавым этапе Кубка свету па біятлоне ў Эстэрсундзе, дзе таксама адбудуцца індывідуальныя гонкі, змяшаная эстафета, спрынт і гонкі праследавання.












