Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа ўсе фінальныя канцэрты беларускіх нацыянальных адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне" за 15 гадоў

02.11.2018

Прэс-рэліз

Напярэдадні маштабнага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", які пройдзе ў сталіцы 25 лістапада, сацыякультурны тэлеканал запускае тэматычную эфірную акцыю "Песня для "Еўрабачання". Пятнаццаць год гісторыі" і пакажа ўсе 15 фінальных канцэртаў дзіцячых нацыянальных адбораў 2004-2018 гг.

Тэматычная эфірная акцыя "Песня для "Еўрабачання". Пятнаццаць год гісторыі" прадоўжыцца з 5 да 23 лістапада - на працягу трох тыдняў у будныя дні ў вячэрнім эфіры тэлеканал "Беларусь 3" пакажа 15 заключных канцэртаў нацыянальных адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне".

Убачыць, з чаго пачыналася заваяванне юнымі беларускімі артыстамі еўрапейскай сцэны, тэлегледачы змогуць ужо ў панядзелак, калі ў 22:15 будзе паказаны фінал нацыянальнага дзіцячага конкурсу 2004 года - тады лаўры першынства дасталіся Ягору Валчку з песняй "Спявайце са мною". У аўторак у гэты ж час гледачам прапануюць фінал нацыянальнага адбору 2005 года - канцэрт, на якім краіна даведалася імя прадстаўніцы Беларусі на еўрапейскім музычным форуме, пасля Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам" вярнулася з Бельгіі пераможніцай.

Нагадаем, Беларусь удзельнічае ў дзіцячым "Еўрабачанні" з моманту яго заснавання - з 2003 года. Першай прадстаўніцай нашай краіны на еўрапейскай арэне стала Вольга Сацюк з песняй "Танцуй", паказаўшы вельмі паспяховы вынік - 4 месца. Дарэчы, у той год нацыянальны адбор праводзіўся ў рамках музычнага конкурсу "Сузор'е надзей".

Галоўнае шоу дзіцячага "Еўрабачання-2018" пройдзе ў спартыўна-забаўным комплексе "Мінск-Арэна" 25 лістапада. Музычны форум сёлета збярэ рэкордную колькасць удзельнікаў - 20 краін з 18 магчымых.

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).