Інфармацыйнае паведамленне
Разам з падарункамі, віншаваннямі і сапраўдным чараўніцтвам набліжаюцца святы, якія чакаюць з нецярпеннем цэлы год не толькі дзеці, але і дарослыя. Напярэдадні Раства і Новага года тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі мноства сюрпрызаў для ўсёй сям'і, і кожны зможа знайсці праграму, канцэрт або фільм па душы.
Тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэлевізійных навін распавядуць і пакажуць, як сустракаюць святы не толькі ў сусветных сталіцах, але і ў кожным вартым увагі кутку Беларусі. Канал "Беларусь 2" прапануе мастацкія і анімацыйныя фільмы для ўсёй сям'і, бо калядныя святы закліканы аб'ядноўваць людзей. На "Беларусь 3" варта чакаць не толькі ўпадабаныя фільмы, але і яркія канцэрты, у тым ліку запісаныя Белтэлерадыёкампаніяй для самых патрабавальных меламанаў. Лепшыя тэматычныя праграмы і канцэрты пакажа замежным гледачам міжнародны спадарожнікавы канал "Беларусь 24". Беларусаў, якія па тых або іншых прычынах не змогуць аказацца ля тэлеэкранаў, у курсе самых галоўных урачыстасцяў і святочных падзей будзе трымаць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і іншыя радыёстанцыі медыяхолдынга.
У тэлеэфіры адлік часу да запаветнага бою курантаў навагодняй ночы будзе дадзены 24 снежня: каналы Белтэлерадыёкампаніі ўпрыгожаць арыгінальныя святочныя лагатыпы.
25 снежня, калі каталікі ўсяго свету будуць святкаваць Раство Хрыстовае, у эфіры тэлеканалаў медыяхолдынга запланаваны шэраг эксклюзіўных трансляцый, тэматычных праграм, мастацкіх фільмаў і цікавых канцэртаў.
Тэлеканал "Беларусь 1"
Галоўны канал краіны пачне прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Раство Хрыстова 24 снежня ў 21:40 з касцёла Божай Маці Ружанцовай і святога Дамініка ў в. Ракаў. Таксама ўвазе тэлеаўдыторыі будзе прапанавана прамая трансляцыя святочнай службы з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска I, якая пачнецца на канале ў 23:40. Святочныя набажэнствы ў прамым эфіры ўбачаць і гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24".
Раніцай 25 снежня для вернікаў выйдзе праграма “Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Раство Хрыстова" - у 8:20 на "Беларусь 1" і ў 8:50 на "Беларусь 24" адпаведна.
У нядзелю "Беларусь 1" падрыхтаваў тэматычны кінапаказ. Ужо ў 6:35 гледачоў абудзіць камедыйная меладрама "За два кіламетры ад Новага года" (Расія, 2004). Паводле сюжэта, на глухой заснежанай дарозе за 5 хвілін да паўночы захраснулі Ён і Яна. Як нянавісць перарастае ў сімпатыю, гледачы змогуць убачыць, паглядзеўшы гэтую сучасную казку са шчаслівым канцом.
Навагодняя камедыя "Мамы 3" (Расія, 2014) збярэ ля экрана ўсю сям'ю, бо галоўныя гераіні замест таго, каб гатаваць аліўе, ляцяць у Прагу, каб сустрэць свята "па-еўрапейску". Іх самалёт робіць змушаную пасадку ў ціхім і спакойным мястэчку ў Польшчы, але мамы не гатовыя адмовіцца ад нястрымнай весялосці. Што з гэтага выйдзе, гледачы даведаюцца, націснуўшы на першую кнопку ў 13:10.
Паказ чатырохсерыйнай меладрамы "Бульварнае кальцо" (Расія, 2015) пачнецца ў 18:40. Гісторыю аб нялёгкім жаночым лёсе ўвасобілі выдатныя актрысы. Крысціна Арбакайтэ, Вікторыя Талстаганава, Кацярына Нікіціна і Аліса Фрэйндліх распавядуць, як няпроста даведацца, што муж разарыўся ў дзень вяселля, як усынавіць малога з дзіцячага дома і здабыць звычайнае жаночае шчасце. Працяг фільма гледачы змогуць убачыць адразу пасля "Галоўнага эфіру".
Святочным падарункам для гледачоў галоўнага канала краіны стане і юбілейны канцэрт Іскуі Абалян "Геаметрыя пачуццяў" (пачатак у 16:55.) Са сцэны Палаца Рэспублікі прагучаць песні з рэпертуару Іскуі на рускай, беларускай, армянскай, англійскай і французскай мовах.
Тэлеканал "Беларусь 2"
У выхадныя ўвазе гледачоў будзе прапанаваны спецыяльны паказ мастацкіх і анімацыйных фільмаў.
Так, 24 снежня ў 07:05 можна будзе ўбачыць прыгодніцкі анімацыйны серыял "Сябры анёлаў" (Італія, 2009). Група анёлаў і група дэманаў з усім сваім багажом перабіраюцца ў звычайную школу, дзе сустракаюцца з зямнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Хто ж пераможа ў вечнай бітве дабра і зла, можа быць, дружба або нават… каханне?
У 07:40 спецыяльна для юнай тэлеаўдыторыі канал пакажа камедыю "Сямейнае Раство" (Данія, 2014). Сямігадоваму Хьюга Крысмасу вельмі пашанцавала: ён атрымаў на Раство самы дзіўны падарунак у сваім жыцці. Хлопчык прыходзіць у здзіўленне, калі выяўляе, што ў яго доме хаваецца маленькі эльф!
У 11:10 тэматычны паказ прадоўжыцца анімацыйным фільмам "Эльф, які выкраў Раство" (Іспанія, 2011). Дзяўчынка ў сваім лісце Санта Клаусу просіць, каб да яе вярнуўся маленькі сябар Энджы, якога пасля смерці дзядулі адправілі ў школу-інтэрнат. Яна спадзяецца, што пярэдадзень Раства - найлепшы час для ажыццяўлення яе жадання. Для тых, хто не зможа ўбачыць карціну 25 снежня ў 16:05, запланаваны паўтор.
Калядную гісторыю "Прывітанне сям'і!" (ЗША, 2005) гледачы ўбачаць у 23:05. Паспяховая нью-ёркская бізнес-лэдзі Мерэдзіт Мортан сустракаецца з паспяховым менеджарам Эверэтам Стоўнам. Мерэдзіт прывыкла трымаць сябе ў руках, яна стрыманая і кансерватыўная ў той час як Эверэт - поўная супрацьлегласць. Напярэдадні Раства Эверэт запрашае Мерэдзіт адзначыць свята разам з яго сям'ёй…
25 снежня ў 07:35 у эфіры выйдзе дзіцячы фільм-казка "Спадарыня Завіруха" (Германія, 2008). Гісторыя пра дзвюх сясцёр, якія трапілі ва ўладанні спадарыні Завірухі, знятая паводле аднайменнай казкі братоў Грым.
Тэлеканал "Беларусь 3"
У суботу, 24 снежня, у 21:25 гледачы сацыякультурнага канала змогуць убачыць меладраму "Шчаслівага Раства!" (Францыя-Германія-Вялікабрытанія, 2005). Фільм заснаваны на рэальных падзеях часоў Першай сусветнай вайны, якія ўвайшлі ў гісторыю як Каляднае перамір'е. Стаміўшыся ад баёў, пакінуўшы стрэльбы ў акопах, салдаты і афіцэры варагуючых армій выйшлі насустрач адзін аднаму, каб абмяняцца цыгарэтамі, падзяліць шакалад і пажадаць "Шчаслівага Раства!". Паўтор фільма выйдзе 25 снежня ў 08:35.
25 снежня ў 07:40 і 13:20 "Беларусь 3" пакажа "Размовы пра духоўнае". У праграме Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч распавядзе пра каталіцкае Раство, а дырэктар музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука - пра іканаграфію гэтага свята.
У 14:20 беларускія тэлегледачы разам з каталікамі ўсяго свету ў прамой трансляцыі змогуць убачыць Пасланне і Благаславенне "Граду і Свету" з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска I.
У 15:05 увазе гледачоў будзе прапанаваны канцэрт Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі "Сустрэча на Раство" - сапраўдны падарунак для сапраўдных знаўцаў мастацтва. У эфіры прагучаць творы з рэпертуару сям’і Штраусаў і Жака Афенбаха, сярод якіх вальсы "Пацалунак" і "Ружы з Поўдня", полькі "Вечны рух" і "Цік-так", а таксама "Казкі Венскага лесу".
Белтэлерадыёкампанія запрашае гледачоў сустрэць калядныя і навагоднія святы разам, а таксама заставацца з любімымі тэлеканаламі ў наступным годзе.













