Прэс-рэліз
22 студзеня тэлеканал "Беларусь 2" прапаноўвае ўвазе аўдыторыі прэм'еру гумарыстычнага рэаліці-шоу "Тата папаў" (Украіна).
Колькі ўсяго паспявае зрабіць за дзень звычайная жанчына: прыбраць дом, накарміць дзяцей і мужа, памыць, папрасаваць, схадзіць па пакупкі, паліць кветкі, памыць посуд… У той час як тата, вяртаючыся дахаты з працы, есць, спіць, ляжыць на канапе і глядзіць тэлевізар або захоплена гуляе ў камп'ютарныя гульні.
У сям'і, дзе мужчына не раздзяляе з жонкай цяжкасці побыту, штодзённыя жаночыя клопаты застаюцца незаўважанымі, як быццам гэта не варта аніякіх намаганняў. Але што, калі мама нечакана вырашыць пакінуць мужа і дзяцей, каб некаторы час адпачыць?
Тады тата папаў! Пачынаецца сапраўдная катастрофа, бо некаторыя мужчыны нават не ведаюць, як уключаецца бытавая тэхніка. Не гаворачы ўжо пра тое, каб прыгатаваць ежу і своечасова пакласці дзяцей спаць. Смешнае і павучальнае рэаліці-шоу "Тата папаў" пакажа, ці ўсім мужчынам па плячы традыцыйна жаночыя абавязкі.
Стваральнікі праграмы адзначаюць: "У праекце няма акцёраў, фальшы і падману. Усё сапраўднае: героі, пачуцці, эмоцыі". У цэнтры ўвагі кожнага новага выпуску шоу - адна сям'я: мама, тата, дзеці. Згодна з умовамі праекта, мама пакідае родных і адпраўляецца ў тыднёвы водпуск, які цалкам прысвячае сабе: наведвае спа-салоны, займаецца шопінгам і фітнесам, рэлаксуе на сеансах масажу, адрываецца на дыскатэцы, скача з парашутам, нырае з аквалангам або цэлы дзень спіць - словам, робіць усё, што ёй захочацца.
Тым часам бацька застаецца дома з дзецьмі, і, каб выйграць прызавыя грошы, яму прыйдзецца заняць месца мамы. Для пачатку кіраўніку сямейства трэба азнаёміцца з яе рэальным няцяжкім графікам і спісам штодзённых абавязкаў. Задача таты - скрупулёзна прытрымлівацца графіка, выконваючы без прыцягнення старонняй дапамогі ўсе бацькоўскія і хатнія абавязкі, а таксама пэўныя заданні жонкі.
Калі тата годна зладзіцца з усімі заданнямі і не скарыстаецца магчымасцю датэрмінова выклікаць дахаты маму, сям'я атрымлівае грашовы прыз.
Першы выпуск рэаліці-шоу гледачы "Беларусь 2" убачаць 22 студзеня ў 21:30. Другая праграма выйдзе праз тыдзень - 29 студзеня. А з 31 студзеня праект будзе выходзіць штодня з аўторка па пятніцу ў дзённым і вячэрнім эфіры тэлеканала.












