Інфармацыйнае паведамленне
Штогод 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі, да святкавання якога далучацца і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі. У прыватнасці, у гэты дзень у эфіры будуць гучаць творы вядомых аўтараў, а госці папулярных праектаў распавядуць пра свае літаратурныя перавагі. Апроч гэтага, радыёслухачы змогуць прапанаваць шырокай аўдыторыі свае творы - віншаванні ў выглядзе вершаў.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе эфірную акцыю "Паэтычны марафон". У слухачоў будзе магчымасць пачуць творы беларускіх класікаў, якія прачытаюць у эфіры вядучыя розных праектаў. Ужо з самай раніцы тэматычны радыёдзень пачне напаўняцца лірычнымі ноткамі: старт будзе дадзены ў інфармацыйнай праграме "Радыёфакт".
У праекце "Раніца з Беларускім радыё" ўвазе слухачоў будзе прапанавана апытанне, у якім мінчане і госці сталіцы распавядуць, якія аўтары ім падабаюцца, а таксама прачытаюць свае любімыя вершы.
У дзённым эфіры паэтычную эстафету прымуць праграмы "Пра надвор'е і не толькі", "Для тых, хто дома", "Нясумны перапынак", "Такі дзень". Вядучыя рыхтуюць сюрпрызы і запрашаюць усіх да ўдзелу ў марафоне.
Апроч таго, у перадачу па заяўках "Вітаем, віншуем, жадаем!" слухачы змогуць адправіць свае вершаваныя віншаванні на кароткі нумар 1062.
Завершыць марафон перадача "Паэтычны эцюд", якая выходзіць у эфір штодня ў будныя дні ў 20:15.
Канал "Культура"
21 сакавіка "Культура" правядзе акцыю "З паэзіяй сёння і заўсёды". На працягу дня вядучыя праграм будуць пачынаць свае эфіры з чытання любімага верша беларускіх аўтараў. У прыватнасці, не абыдзецца без твораў класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, чые юбілеі, дарэчы, прыпадаюць на гэты год, а таксама вядомых баек Кандрата Крапівы. Вядучыя таксама запросяць далучыцца да акцыі і гасцей, якія прымуць удзел у перадачах.
Паэтычны настрой на ўвесь дзень зададуць вершы беларускіх паэтаў у прачытанні вядомых артыстаў мінскіх тэатраў. У праграме "У рытме дня", якая стартуе ў 7:00, а таксама ў абедзеннай перадачы "У кампаніі з "Культурай" прагучаць фрагменты літаратурна-музычных кампазіцый, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё.
Дарэчы, літаратура займае ў эфіры "Культуры" важнае месца. Найбольш папулярнымі перадачамі, у якіх гучаць творы беларускіх і замежных аўтараў, з'яўляюцца "Літаратурная анталогія" і "Бестселер". Яны з'явіліся ў эфіры з першых дзён вяшчання канала, які, нагадаем, сёлета святкуе 15-годдзе.
Паэзія беларускіх аўтараў таксама гучыць на "Культуры" ў праграмах "Гаспода" і "ПраЧытанне".
Радыё "Беларусь"
У эфіры міжнароднага радыё спецыяльна да свята прагучаць вершы класікаў беларускай літаратуры на ўсіх васьмі мовах вяшчання радыёстанцыі: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, іспанскай, французскай і кітайскай.












