Супербой Аляксандра Вялікага і Брыльянтавага хлопчыка на тэлеканале "Беларусь 5"

20.11.2017
25 лістапада тэлеканал "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа бой за тытул чэмпіёна свету па версіі WBА паміж беларускім баксёрам Аляксандрам Усцінавым і немцам Мануэлем Чарам.

Прэс-рэліз

25 лістапада тэлеканал "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа бой за тытул чэмпіёна свету па версіі WBА паміж беларускім баксёрам Аляксандрам Усцінавым і немцам Мануэлем Чарам.

Кіраўніцтва тэлеканала "Беларусь 5" дасягнула дамоўленасці аб паказе супербоя за званне чэмпіёна свету па версіі Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA) паміж беларусам Аляксандрам Вялікім Усцінавым і прадстаўніком Германіі Мануэлем Чарам, які выступае пад прозвішчам Брыльянтавы хлопчык. Прамую трансляцыю гэтай сустрэчы з нямецкага Оберхаўзена тэлеканал "Беларусь 5" пачне 25 лістапада ў 22:45.

"У нашых гледачоў вялікая цікавасць да розных відаў адзінаборстваў, асабліва да паядынкаў з удзелам беларускіх байцоў. Гледачы даўно чакалі бой Аляксандра Усцінава і Мануэля Чара, таму наш тэлеканал не мог прапусціць гэтую грандыёзную падзею ў свеце бокса. Арганізатарам бою выступае легендарны прамоўтар Уладзімір Хруноў, якому мы ўдзячныя за аператыўнасць у вядзенні перамоў. Гэты паядынак вельмі важны і адказны для Аляксандра Усцінава, таму будзем разам хварэць за беларускага баксёра", - адзначыў кіраўнік тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі.

Нагадаем, Аляксандр Вялікі Усцінаў правёў на прафесійным рынгу 35 баёў, у якіх атрымаў 34 перамогі, у тым ліку 25 накаўтам. Яго сапернік Мануэль Брыльянтавы хлопчык Чар з 34 баёў 30 завяршыў на сваю карысць.

Спартыўны канал медыяхолдынга запрашае ўсіх балельшчыкаў падтрымаць беларускага спартсмена.