"Страляць нельга памілаваць" - новы спецыяльны рэпартаж у эфіры "Беларусь 1"

03.05.2018

Прэс-рэліз

3 мая ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выйдзе новы фільм Агенцтва тэленавін з цыкла "Спецыяльны рэпартаж" - "Страляць нельга памілаваць". Аўтар выпуску Анастасія Бенедзісюк расставіць знакі пунктуацыі, падрабязна і на канкрэтных прыкладах распавядзе, як будзе працаваць Указ № 112 "Аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі", падпісаны сёлета ў канцы сакавіка.

Амаль месяц спатрэбіўся здымачнай групе АТН для збору і апрацоўкі інфармацыі і відэаматэрыялу па тэме, якая хвалюе ўсіх беларускіх паляўнічых. Ужо шмат гадоў ідзе гарачае абмеркаванне вясновага палявання: ці можна здабываць звера з сакавіка па май? Журналісты даведаліся, чаму, нягледзячы на спрэчкі і рознагалоссі, перыяд вясновага сезона быў павялічаны, а адзін з чырванакніжнікаў зараз на прыцэле.

Фільм таксама распавядзе аб эксперыментальнай сістэме замацавання паляўнічых за паляўнічымі гаспадаркамі. Яна ўжо ўкаранёная ў Беларусі і працуе ў 12 раёнах па ўсёй краіне.

Уражальныя падрабязнасці рэзананснай справы браканьераў пад Мінскам, унікальныя кадры з цецеруком - лесастэпавым піжонам, які спявае ў шлюбны перыяд. Гэтае і многае іншае тэлегледачы ўбачаць у фільме "Страляць нельга памілаваць", што выйдзе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" сёння пасля "Панарамы".