Стартуе радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі - 2018"

01.03.2018
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё аб'яўляе аб пачатку прыёму заявак на ўдзел у VIІ Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі". 

Прэс-рэліз

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё аб'яўляе аб пачатку прыёму заявак на ўдзел у VIІ Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі".

Сёлета конкурс, які дазваляе выявіць маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва, праходзіць з 1 сакавіка па 30 красавіка па чатырох намінацыях: "Эстрадны вакал (салісты)", "Інструментальная музыка (салісты)", "Інструментальная музыка (дуэт, трыа, квартэт)", "Спадчына (творчы пошук у галіне фальклору)".

Паспрабаваць свае сілы ў творчым спаборніцтве могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама ўдзельнікі музычных і эстрадных студый, студэнты вышэйшых навучальных устаноў.

Радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі" складаецца з папярэдняга этапа і трох тураў.

Папярэдні этап - фарміраванне і арганізацыя працы журы, прыём заявак (з 1 па 31 сакавіка 2018 года).

I тур - праслухоўванне заяўленых матэрыялаў (з 1 да 15 красавіка).

II тур - праслухоўванне ўдзельнікаў, якія прайшлі I тур, у жывым выкананні прафесійным журы.

III тур - праслухоўванне ўдзельнікаў, якія прайшлі II тур, у жывым выкананні прафесійным журы (II і ІІІ туры праводзяцца з 16 да 30 красавіка).

Фінал радыёконкурсу, аб'яўленне і ўзнагароджанне пераможцаў адбудуцца ў маі 2018 года.

Заяўкі прымаюцца да 31 сакавіка ўключна па адрасе: 220114, г. Мінск, вул. Чырвоная, д. 4, альбо па электронным адрасе: talentbelarus@gmail.com з паметкай "Маладыя таленты Беларусі - 2018". Тэлефон для даведак +375-17-284-32-05.

Падрабязная інфармацыя, навіны радыёконкурсу, вынікі ўсіх тураў будуць размяшчацца на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё www.radio1.by і на афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках.

Нагадаем, у розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі конкурсу "Маладыя таленты Беларусі - 2018" станавіліся Алёна Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі і іншыя.