“Справа жыцця” на тэатральных падмостках, старонках кніг і музычных партытурах

11.04.2017
З 17 красавіка ў эфіры “Беларусь 1” стартуюць новыя выпускі праекта “Справа жыцця”. Гэтым разам журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі распавядуць пра айчынныя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

Прэс-рэліз

17 красавіка ў эфіры “Беларусь 1” стартуюць новыя выпускі праекта “Справа жыцця”, падрыхтаваныя творчай групай Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Гэтым разам журналісты АТН распавядуць пра айчынныя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

Новы цыкл праграм “Справа жыцця” прысвечаны творчым работам, пададзеным на суісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галінах літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года. Гэта 8 дакументальных фільмаў на беларускай мове пра заслужаных дзеячаў і калектывы, якія дасягнулі творчых вяршынь дзякуючы шматгадовай працы і значнаму ўнёску ў культурную спадчыну краіны.

17 красавіка ў першым фільме цыкла будзе паказаны творчы калектыў дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь”. Сярод герояў фільма – народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Сяргей Франкоўскі і Ніна Ламановіч, а таксама заслужаныя артысты Аксана Волкава і Станіслаў Трыфанаў. Разам з галоўным мастаком Вялікага тэатра оперы і балета Аляксандрам Касцючэнкам яны былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле творы Уладзіміра Караткевіча.

“Агенцтва тэленавін даўно сочыць за лёсам намінантаў, і ў фільмах будуць адлюстраваны самыя цікавыя і яркія моманты з творчага летапісу жыцця герояў. Акрамя новых сустрэч з дзеячамі культуры, у кожнай серыі цыкла будуць выкарыстаны запісы, сабраныя ў вялізным архіве нашага медыяхолдынга”, - адзначыў загадчык аддзела культуры Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Міхаіл Равуцкі.

Нагадаем, прэм’ера маштабнага праекта “Справа жыцця”, першы цыкл якога быў прысвечаны адметным беларускім адкрыццям у самых розных галінах - ад медыцыны да машынабудавання - адбылася ў эфіры “Беларусь 1” 20 сакавіка.

Зараз жа тэлегледачы “Беларусь 1” змогуць убачыць выпускі, прысвечаныя стварэнню ўнікальных серый кніг пра беларускіх дзеячаў культуры, кніг для дзяцей, дакументальных фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, лепшых беларускіх драматычных спектакляў і канцэртаў-спектакляў, цудоўных мемарыялаў і скульптурных кампазіцый пагранічнай тэматыкі, арыгінальнай музыкі да балетаў і мюзіклаў. Праект “Справа жыцця” ўзгадае пра неверагодныя дасягненні ў мастацтве такіх легендаў як Уладзімір Кандрусевіч, Анатоль Алай і Расціслаў Янкоўскі.

Фільмы з цыкла “Справа жыцця” будуць выходзіць на “Беларусь 1” і “Беларусь 24” з панядзелка па чацвер у вячэрнім эфіры адразу пасля “Панарамы”.