Спецыяльныя велікодныя трансляцыі і праграмы ў эфіры тэле- і радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі

30.03.2018
На свята Уваскрэсення Хрыстовага ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 3", "Беларусь 24", "НТБ-Беларусь", а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё запланаваны шэраг эксклюзіўных прамых трансляцый і тэматычных праграм.

Прэс-рэліз

На свята Уваскрэсення Хрыстовага, якое сёлета праваслаўныя вернікі будуць адзначаць 8 красавіка, у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 3", "Беларусь 24", "НТБ-Беларусь", а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё запланаваны шэраг эксклюзіўных прамых трансляцый і тэматычных праграм.

Напярэдадні Вялікадня 7 красавіка ў 6:10 на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе спецыяльны выпуск духоўна-асветніцкага праекта "Існасць".

У 23:50 галоўны тэлеканал краіны пачне прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Вялікдзень па календары праваслаўнай канфесіі з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" таксама ўбачаць святочнае набажэнства ў прамым эфіры.

8 красавіка ў 8:50 у эфіры "Беларусь 1" выйдзе "Слова Мітрапаліта Паўла на Светлае Хрыстова Уваскрэсенне".

Сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" у суботу, 7 красавіка, у 10:00 раскрые тэму велікоднай трапезы ў праекце "Беларуская кухня".

Адкрые святочны нядзельны эфір у 7:25 праграма "Святыні Беларусі", а адразу пасля яе ў 7:50 выйдзе спецыяльны выпуск "Размоў пра духоўнае".

Тэлеканал "НТБ-Беларусь" 7 красавіка ў дзённым эфіры традыцыйна будзе весці прамую трансляцыю з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Тут у Вялікую суботу, што папярэднічае святу Вялікадня, 10 000 паломнікаў збяруцца, каб стаць сведкамі цуду сыходжання Жыватворнага агню і прачытаць Усеправаслаўную малітву аб міры на Святой Зямлі.

Храм Гроба Гасподняга - свяшчэнны цэнтр хрысціянства, што аб'ядноўвае сёння каля траціны насельніцтва Зямлі. Ён збудаваны ў IV стагоддзі нашай эры на месцы, дзе завяршыўся зямны шлях Ісуса Хрыста. Самае свяшчэннае месца ва ўсім храмавым комплексе - гэта капліца над Гробам Гасподнім (Кувуклія). Тут знаходзіцца каменная лавіца, дзе знаходзілася цела Хрыста пасля смерці на крыжы ў Страсную пятніцу і да Яго Уваскрэсення. Менавіта на гэтай каменнай лавіцы з'яўляецца Жыватворны агонь. Пачатак трансляцыі - 13:15.

У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 7 красавіка ў 7:30 выйдзе спецыяльны выпуск праекта "Святло душы", прымеркаваны да светлага свята Вялікадня. У нядзелю ў гэты ж час аўдыторыя канала пачуе велікодную пропаведзь і зварот мітрапаліта ў праграме "Духоўнае слова". Далей на працягу дня ў інфармацыйных выпусках навін прагучаць рэпартажы аб святочных службах, якія пройдуць у цэрквах Беларусі, а ў папулярных грамадскіх перадачах раскажуць пра духоўнае выхаванне і вечныя хрысціянскія каштоўнасці.