Прэс-рэліз
На свята Уваскрэсення Хрыстовага, якое сёлета католікі будуць адзначаць 1 красавіка, у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 3", "Беларусь 24", а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё запланаваны шэраг эксклюзіўных прамых трансляцый і тэматычных праграм.
Напярэдадні Вялікадня 31 сакавіка ў 6:20 на "Беларусь 1" выйдзе спецыяльны перадсвяточны выпуск духоўна-асветніцкага праекта "Існасць".
У гэты ж дзень у 21:45 галоўны тэлеканал краіны пачне прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Вялікдзень паводле календара каталіцкай канфесіі з Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
У нядзельную раніцу 1 красавіка ў 8:50 у эфір выйдзе "Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Светлае Хрыстова Уваскрэсенне".
Гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" таксама ўбачаць набажэнствы з Архікафедральнага касцёла Панны Марыі ў прамым эфіры і пачуюць слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Апроч гэтага, напярэдадні галоўнай хрысціянскай урачыстасці 27 сакавіка ў эфір выйдзе новы выпуск штотыднёвага інтэрв'ю-праекта "24 пытанні". Госцем праграмы стане іерэй Аляксандр Кухта, намеснік старшыні Сінадальнага місіянерскага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы.
Сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" 30 сакавіка ў 23:30 пакажа прамую трансляцыю хрэснага шляху з рымскага Калізея з удзелам Папы Рымскага Францыска. Падчас святочнага шэсця, якое штогод праходзіць у Страсную пятніцу напярэдадні Вялікадня, удзельнікі зробяць 14 прыпынкаў. Менавіта столькі зрабіў Хрыстос, калі паднімаўся да месца свайго распяцця. Цырымонія праходзіць каля старажытных сцен Калізея і суправаджаецца рэлігійнымі развагамі і малітвамі, якія зачытваюцца падчас шэсця.
Святочная велікодная раніца на тэлеканале пачнецца з "Гутарак пра духоўнае" ў 07:50.
У 16:30 каталіцкіх вернікаў чакае спецыяльная прамая трансляцыя з плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, адкуль велікоднае пасланне і блаславенне "Гораду і свету" дашле Папа Рымскі Францыск. Гэта ўнікальнае дзейства, падчас якога Папа Рымскі праводзіць святочную імшу на плошчы Святога Пятра ў прысутнасці тысяч паломнікаў з усіх канцоў свету, а пасля звяртаецца з традыцыйным папскім блаславеннем Urbi et Orbi да вернікаў. Тэкст гэтага паслання заўсёды арыгінальны і непаўторны для мільёнаў католікаў па ўсім свеце, а плошча абяцае быць упрыгожаная, як заўсёды, тысячамі кветак, якія ўжо чвэрць стагоддзя прывозяць у Ватыкан на Вялікдзень з Нідэрландаў.
На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 1 красавіка ў 8:15 у праграме "Каталіцкая пропаведзь" адбудзецца прамая трансляцыя ранішняга каталіцкага велікоднага набажэнства. На працягу ўсяго дня ў эфіры будуць распавядаць пра традыцыі святкавання Уваскрэсення Хрыстова ва ўсім хрысціянскім свеце.












