"Спецыяльны рэпартаж" выходзіць у новым фармаце

01.06.2017
З 6 чэрвеня кожны аўторак і чацвер у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" стартуе летні сезон абноўленага праекта "Спецыяльны рэпартаж" са свежымі тэмамі і вострымі сюжэтамі.

Прэс-рэліз

Агенцтва тэленавін не ідзе на канікулы. З 6 чэрвеня кожны аўторак і чацвер у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" стартуе летні сезон абноўленага праекта "Спецыяльны рэпартаж" са свежымі тэмамі і вострымі сюжэтамі. Стваральнікі цыкла выкарыстаюць новыя падыходы ў планаванні, прадзюсаванні і працэсе вытворчасці кантэнту. Гледачоў чакаюць арыгінальныя здымкі, непрадказальныя рэжысёрскія хады і абноўлены графічны пакет.

Праграма "Спецыяльны рэпартаж" узнімае самыя гучныя тэмы, разглядае тыя актуальныя і значныя падзеі, якія актыўна абмяркоўваюцца як на кухні, так і на інтэрнэт-пляцоўках.

6 чэрвеня летні сезон "Спецыяльнага рэпартажу" адкрые выпуск "Зямляне". Журналісты Агенцтва тэленавін адчуюць на сабе, як гэта - кінуць усё і пераехаць бліжэй да зямлі, паспрабуюць разабрацца ў паняцці "даўншыфтынг" і яго ролі для выратавання экалогіі і здароўя чалавека.

8 чэрвеня ў цэнтры выпуску "Смяротнае хобі" - жыццё чалавека як навышэйшая каштоўнасць. З гутаркі карэспандэнтаў з трэйсерамі, джамперамі, руферамі і зачэперамі гледачы даведаюцца, дзеля чаго апошнія рызыкуюць жыццём, дзе знаходзіцца мяжа паміж разумным і вар’яцтвам.

У лінейцы новых выпускаў "Спецыяльнага рэпартажу" заяўлены і іншыя тэмы, якія, безумоўна, зацікавяць тэлегледачоў, напрыклад, таямніцы пра Ангелу Меркель або што стаіць за рэзкімі бескампраміснымі выказваннямі Дональда Трампа.

Таксама гледачоў чакаюць гісторыі нашых алімпійскіх чэмпіёнаў і зорак чэмпіянатаў свету аб жыцці пасля спорту: як ім удалося рэалізаваць сябе ў палітыцы, дзяржаўным будаўніцтве, бізнесе, мастацтве, сям'і.

Разам з навукоўцамі, педагогамі і ўрачамі тэлегледачы змогуць зазірнуць на 20 гадоў наперад і даведацца, якія галіны атрымаюць развіццё ў будучыні, якую прафесію лепш выбраць для сваіх дзяцей.

Абноўлены "Спецыяльны рэпартаж" будзе выходзіць у эфіры "Беларусь 1" кожны аўторак і чацвер пасля праграмы "Панарама".