Прэс-рэліз
12 снежня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапаноўвае новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Веды для жыцця". Здымачная група АТН даведалася, над чым зараз працуюць беларускія эйнштэйны, якія прыярытэты і задачы ставіць перад сабою навука і хто гэтыя людзі, якія ствараюць будучыню Беларусі.
Электрамабілі, робаты, штучны інтэлект, нанаспадарожнікі, лекі... Навукоўцы Беларусі выбіраюць прыярытэтныя кірункі, на якія навука краіны зробіць стаўку ў наступныя два дзясяткі гадоў. Распрацавана стратэгія, праект якой будзе абмяркоўвацца на II З'ездзе навукоўцаў Рэспублікі Беларусь. Перад навукай стаяць глабальныя задачы, і яны напрамую звязаныя з развіццём дзяржавы.
У спецыяльным рэпартажы рэпарцёры АТН зазірнуць у навуковае закуліссе. Размова пойдзе не толькі аб перадавых распрацоўках, якія працуюць на эканоміку краіны, але і аб праблемах, якія тармозяць прарыў. Даследчыкі распавядуць у фільме, з якімі цяжкасцямі ім даводзіцца сутыкацца штодня, а таксама закрануць такія тэмы, пра якія да гэтага моманту не гаварылі ўслых.
Аўтар фільма Алеся Высоцкая і здымачная група АТН развеюць міф, што навука - гэта ціхія кабінеты, доўгія формулы на дошках і сівыя геніі ў вобразе эйнштэйнаў. Стэрэатыпы састарэлі, бо Акадэмія навук у наш час - гэта маштабная навукова-вытворчая карпарацыя. Праз пэўныя распрацоўкі будзе паказаны сапраўдны навуковы кластар, які сёння на рубель выдаткаў дае 100 рублёў прыбытку.
Новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" гледачы "Беларусь 1" убачаць у аўторак увечар, адразу пасля "Панарамы".












