Прэс-рэліз
30 лістапада ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін прапануе новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Па струнцы". Выпуск, прысвечаны 100-годдзю Мінскай ваеннай камендатуры, расказвае не толькі аб гісторыі станаўлення ведамства, але і аб сучасных фактах, часта схаваных ад вачэй абывацеля. Журналістаў АТН падпусцілі да залпавых установак святочнага салюту і дазволілі прысутнічаць на трэніроўках роты ганаровай варты.
30 лістапада 1917 года ўтварылася ведамства, якое вось ужо сто гадоў знаходзіцца на варце парадку. Датай утварэння Мінскай ваеннай камендатуры прынята лічыць дзень, калі галоўнакамандуючы арміямі Заходняга фронту Аляксандр Мяснікоў выдаў загад №1 "Аб навядзенні рэвалюцыйнага парадку ў горадзе". За сто гадоў існавання задачы Мінскай камендатуры змяніліся і з'явіліся новыя падраздзяленні.
Напэўна, няма беларуса, які б не бачыў яркую феерыю салюту ў сталічным небе або не назіраў за выступленнем роты ганаровай варты (РГВ). Кіраўнік любой замежнай дзяржавы, які прыязджае ў нашу краіну, першым, каго бачыць пасля прадстаўніка службы дзяржаўнага пратакола, - гэта вайскоўцы РГВ. Яны з'яўляюцца прадстаўнікамі Мінскай ваеннай камендатуры, усіх Узброеных сіл, дзяржавы. Але гэта так званы парадны бок ведамства.
У новым выпуску "Спецыяльнага рэпартажу" здымачная група АТН пакажа і той бок ваеннай камендатуры, які звычайна схаваны ад тэлекамер. Карэспандэнты распавядуць, як затрымліваюць дэзерціраў, што такое гаўпвахта, хто і за што туды трапляе. У фільме "Па струнцы" журналіста АТН Карыны Пашковай гледачы таксама даведаюцца аб ваеннай аўтаінспекцыі, якая суправаджае калоны з ваеннай тэхнікай і з'яўляецца ганаровым эскортам высокапастаўленых службовых асоб, бо менавіта гэтае ведамства, а не ДАІ адказвае за бяспеку профільных замежных дэлегацый на беларускіх дарогах.
Фільм "Па струнцы" праекта "Спецыяльны рэпартаж", прысвечаны векавому юбілею Мінскай ваеннай камендатуры, гледачы "Беларусь 1" убачаць у чацвер вечарам адразу пасля "Панарамы".













