Прэс-рэліз
26 снежня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Абеларусіліся”. Здымачная група АТН распавядзе запамінальныя гісторыі людзей з чатырох кантынентаў, чые лёсы перасекліся ў самым цэнтры Еўропы, і даведаецца, якім бачаць Новы год у нашай краіне іншаземцы.
Аліўе са смаўжоў і карнавальная ноч пад бой курантаў - шматнацыянальны Новы, 2018 год сустракаюць у Беларусі. Напярэдадні свят карэспандэнты Агенцтва тэленавін трапілі ў госці да тых, хто за тысячы кіламетраў ад радзімы знайшоў свой дом. Іх кліпы збіралі тысячы праглядаў на YouTube, а зараз яны ганарацца іншым ураджаем - агуркамі, кабачкамі, бульбай з уласнага агарода. Спецыяльны рэпартаж пазнаёміць гледачоў з дзіўнымі людзьмі, якія назаўжды вырашылі застацца ў Беларусі.
Журналісты АТН распавядуць, адкуль у Віцебскай вобласці з'явілася невялікая "французская калонія", якім чынам беларускі трактар здабыў часцічку афрыканскай душы, як з руін закінутага склада з'явілася авечкагадоўчае ранча, і як гэта - уцячы ад вайны і знайсці мір на іншым баку свету, а таксама гаварыць на адной мове, не разумеючы ні слова.
Новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" гледачы "Беларусь 1" убачаць у аўторак вечарам адразу пасля "Панарамы".












