Прэс-рэліз
У праграме "PRO спорт. Вынікі тыдня" на "Беларусь 5" былі абнародаваныя вынікі галасавання за фіналістаў папулярнага праекта "Накаўт-раўнд". Падсумаваўшы галасы тэлегледачоў і прафесійнага журы, арганізатары назвалі пераможца. Ім стаў мінчанін Сяргей Комса.
Нагадаем, заключны паядынак рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд" развёў па чатырох кутах рынга лепшых з лепшых - удзельнікаў, адабраных гледачамі і экспертамі падчас некалькіх этапаў. У фінале выдатная чацвёрка адказвала на каверзныя пытанні вядучага і спартыўнага каментатара "Беларусь 5" Арташэса Антаняна, а таксама ўдзельнікі паспрабавалі пазнаць беларускіх спартсменаў на фатаграфіях з паўсядзённага жыцця. І, вядома ж, у іх з’явілася магчымасць пракаменціраваць самыя яркія спартыўныя моманты апошняга часу, напрыклад, матч Лігі чэмпіёнаў "Барселона" - ПСЖ, які ўжо стаў гісторыяй еўрапейскага клубнага футбола.
У гледачоў была магчымасць прагаласаваць за ўпадабанага канкурсанта на афіцыйнай старонцы тэлеканала "ВКонтакте" vk.com/belarus5tv, і яны ёй скарысталіся. З улікам галасоў толькі беларускіх тэлегледачоў пераможцам у сацыяльнай сетцы стаў Сяргей Комса, які набраў 40,9%. Пасля падсумавання галасоў гледачоў і прафесійнага журы стала зразумела, што Сяргей Комса - абсалютны пераможца "Накаўт-раўнда". На другое месца эксперты і гледачы паставілі Ягора Калеснікава, на трэцяе - Фёдара Прошкіна, і замкнуў "гонку" Раман Юралевіч.
Зараз у пераможца праекта з'явіцца магчымасць стаць часткай каманды "Беларусь 5" і папоўніць рады каментатараў спартыўнага канала.












