Прэс-рэліз
Напярэдадні пераходу на вяшчанне ў фармаце HD Белтэлерадыёкампанія запусціла серыю спецыяльных промаролікаў "Мы мяняемся разам з вамі!".
Творчая група Агенцтва тэленавін падрыхтавала 6 міжпраграмных промаролікаў, якія прапаноўваюць адправіцца ў мінулае і ўспомніць, як мянялася грамадства, а разам з ім і тэлебачанне. Гледачы ўбачаць рэчы, якія былі ва ўжытку кожнага савецкага грамадзяніна, і сярод іх галоўны атрыбут у доме - тэлевізар.

"Здымка вялася адным кадрам, без склейванняў і мантажу. Мы хацелі паглядзець на людзей з боку тэлепрыёмніка, а не наадварот, як усе абвыклі. Першыя тэлегледачы ў 1960-я гады хадзілі адно да аднаго ў госці цэлымі сем'ямі, каб паглядзець перадачы і фільмы, у 70-я тэлевізар стаў часткай побыту, у 80-я з'явілася магчымасць глядзець не толькі тэлебачанне, але і фільмы ў запісе на першых VHS-плеерах, а ў 90-я - крымінальныя серыялы, у недалёкіх двухтысячных тэлебачанне сталі замяшчаць прыстаўкі, у наш час - смартфоны…", - распавёў выканаўчы прадзюсар АТН Канстанцін Прыдыбайла.

У роліках аўтарам удалося паказаць атмасферу як звычайных савецкіх кватэр, так і сучасных "разумных дамоў", дзе тэлеканалы ёсць у любым гаджэце, а тэлебачанне высокай дакладнасці з'яўляецца неад'емным складальнікам.
Інтэр'ер для здымак промаролікаў быў узноўлены пры дапамозе графікі і ўнікальнага загнутага экрана ў студыі "100 метраў" Белтэлерадыёкампаніі. Усе аб'екты ствараліся асобна і ўжо ў спецыяльным софце размяшчаліся на экране з улікам перспектывы і карцінкі з камеры.















