Схаваныя субцітры з'явяцца ў эфіры ўсіх тэлеканалаў медыяхолдынга

02.06.2017
Белтэлерадыёкампанія паспяхова правяла работы па забеспячэнні тэхнічнай магчымасці і падрыхтоўкі кантэнту для вяшчання з функцыяй схаванага субцітравання.

Інфармацыйнае паведамленне

У рамках праекта пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025" Белтэлерадыёкампанія паспяхова правяла работы па забеспячэнні тэхнічнай магчымасці і падрыхтоўкі кантэнту для вяшчання з функцыяй схаванага субцітравання.

Першапраходцам у гэтым стаў тэлеканал "Беларусь 3" як найбольш сацыяльна арыентаваны, дзе з 23 мая пачалася трансляцыя 3-серыйнага фільма "Ціхі Дон" рэжысёра Сяргея Герасімава паводле рамана Міхаіла Шолахава са схаванымі субцітрамі.

Неўзабаве схаваныя субцітры з'явяцца ў эфіры ўсіх тэлеканалаў медыяхолдынга. Адзначым, што ў адрозненне ад адкрытага субцітравання тэлеглядач пры жаданні сам можа як актываваць, так і дэзактываваць гэтую функцыю.

Кабельным аператарам было загадзя паведамлена пра работы, звязаныя з давядзеннем схаваных субцітраў да гледача. Аднак на сёння кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі стала вядома, што не ўсе кабельныя тэлеаператары ўключылі гэты сэрвіс у пералік сваіх паслуг, ад чаго тэлегледачы не могуць скарыстацца магчымасцямі схаванага субцітравання.

Звяртаем увагу, што ў выпадку адсутнасці доступу да схаванага субцітравання абаненты маюць права патрабаваць ад сваіх кабельных аператараў падключэння такой паслугі.