"Сферы нацыянальных інтарэсаў" раскажуць пра інавацыйныя дасягненні Беларусі

22.06.2018

Прэс-рэліз

25 чэрвеня на "Беларусь 1" стартуе новы праект Агенцтва тэленавін "Сферы нацыянальных інтарэсаў" - унікальны летапіс жыцця нашай краіны апошніх гадоў.

Літаральна за лічаныя гады ў Беларусі адбыліся каласальныя змяненні ў сферах сацыяльнага забеспячэння, бяспекі, спорту, эканомікі класічнай і лічбавай. Журналісты АТН прасачылі лёсы знакавых дасягненняў у кожнай з гэтых сфер - ад зараджэння ідэі да ўвасаблення ў жыццё.

Дзякуючы прынятым на вышэйшым узроўні прынцыповым рашэнням наша краіна выйшла ў сусветныя лідары "лічбавага асяроддзя знаходжання", а наш ПВТ ставяць у прыклад лідары IT-індустрыі.

У Беларусі ўпершыню з'явіўся айчынны легкавы аўтапрам, а нашы прадукты харчавання адрываюць з рукамі на рынках.

Спорт высокіх дасягненняў атрымаў айчынную "начынку", каб золата Алімпіяд будучыя чэмпіёны пачыналі каваць ужо з дзяцінства.

Разняволенне дзелавой ініцыятывы вывела эканоміку Беларусі на траекторыю ўстойлівага росту, а нашы ваенныя канструктары стварылі сістэмы ўзбраення для абароны дзяржавы, якія не маюць аналагаў, некаторыя з іх у праекце АТН будуць прадэманстраваныя ўпершыню.

Фільмы 5-серыйнага хранікальна-дакументальнага цыкла "Сферы нацыянальных інтарэсаў" пра галоўныя дасягненні краіны за апошнія гады будуць выходзіць на "Беларусь 1" з 25 па 30 чэрвеня ў 21:50. Звяртаем увагу гледачоў, што ў чацвер 28 чэрвеня ў 21:50 у эфір выйдзе заключная серыя праекта "Справа жыцця. Адраджэнне".