Прэс - рэліз
23 верасня самае рокавае радыё “Сталіца” ў самым рокавым клубе TNT Rock Club адзначыць свой дзень нараджэння на ўсю “Рокавую моц!”. Паддаваць агню ў гэты вечар будуць яскравыя беларускія гурты: “Мерада”, ZnaROCK, :B:N:, Aillion і Top Gun. Святочнага каларыту дададуць тэматычныя конкурсы, віктарыны, падарункі, карагоды, торт ды свечкі.
Радыё “Сталіца” Белтэлерадыёкампаніі - адзіная ў краіне цалкам беларускамоўная FM-радыёстанцыя. Пад дэвізам “Слухай любімае!” калектыў стварае інфармацыйныя, пазнавальныя і музычна-забаўныя праграмы, арыентаваныя на моладзь і прасунутых дарослых.
Асаблівы і падыход да музычнага напаўнення эфіру: падборка песень задаволіць як сталага меламана, выхаванага на класіцы заходняй рок-музыкі, так і маладога чалавека, які сочыць за айчыннымі і замежнымі навінкамі рока. Вялікая ўвага надаецца маладым беларускім музыкантам і аўтарам, якія працуюць у рок-стылістыцы. Менавіта таму свае 19 гадоў “Сталіца” адзначыць сапраўднай рок-феерыяй, назва якой “Рокавая моц!”.
Удзельнікамі канцэртнай праграмы стануць:
“Мерада” - гурт, які ўтварыўся ў Мінску ў 2013 годзе як беларускамоўны музычны праект. Яго стварылі былыя ўдзельнікі блюзавай каманды Steve Cramer BAND - сямейная пара Стыў і Ганна Крамер. Грунтуючыся на сусветных музычных традыцыях, яны імкнуцца да адраджэння духоўнасці, дабра і святла ў музыцы.
ZnaROCK - гэта шквал сонечнай энергіі. Музыканты калектыву развіваюцца ў кірунках ска-кантры, дыска-ска, ска-панка, акустык-ска і полькі-тапатухі.
:B:N: - рок-гурт з горада Бярозы. Першы вялікі поспех - кампазіцыя “Вось такую б...” атрымала прыз за “Найлепшую лірычную песню” на “Рок-коле 2001”. З таго часу :B:N: - хедлайнеры шматлікіх фестываляў.
Aillion - мінскі хэві-метал-гурт, які ўтварыўся ў сакавіку 2008 года па ініцыятыве чатырох былых удзельнікаў групы “Стая”.
Top Gun - забойны рок-бэнд з Мінска. Група працуе з 2010 года. За час сваёй дзейнасці музыканты паспелі выступіць на многіх буйных пляцоўках краіны. Яны нясуць весялосць, пазітыўную энергетыку, драйв і рок-н-рол.
Вядучым свята будзе Яўген Сокалаў (ZnaROCK).
Радыё “Сталіца” запрашае ўсіх адсвяткаваць дзень нараджэння на ўсю “Рокавую моц”! Пачатак свята - у 20:00. Уваход вольны.













