Радыё "Беларусь" пачынае новы фотаконкурс "Мая кніга для ўсяго свету"

31.01.2017
1 лютага міжнароднае радыё "Беларусь" медыяхолдынга пачынае фотаконкурс "Мая кніга для ўсяго свету", прымеркаваны да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Прэс-рэліз

1 лютага міжнароднае радыё "Беларусь" медыяхолдынга пачынае фотаконкурс "Мая кніга для ўсяго свету", прымеркаваны да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Конкурс творчых фотаработ "Мая кніга для ўсяго свету" закліканы паказаць ролю кнігі ў жыцці сучаснага чалавека і разнастайнасць сусветнай літаратурнай палітры, а таксама спрыяць знаёмству з гісторыяй і культурай Беларусі.

"500-годдзе выдання Францыскам Скарынам Псалтыра будзе шырока адзначацца сусветнай культурнай грамадскасцю. Гэта адна з самых важных дат беларускай культуры і частка сусветнай кніжнай гісторыі. Удзел у конкурсе дае магчымасць слухачам нашага радыё з розных краін распавесці пра свае любімыя кнігі і даведацца аб традыцыях кнігадрукавання ў іншых кутках планеты, распавесці пра свае літаратурныя перавагі, кнігі, якія паўплывалі на стаўленне да жыцця або звязаныя з важнымі ўспамінамі", - адзначыў галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 30 красавіка даслаць на электронную пошту booksgoglobal@gmail.com фота з выявай сваёй любімай кнігі і тэкставы каментарый. Здымак можа быць у форме сэлфі або ў любым іншым фармаце, бо, як адзначаюць арганізатары, пры выбары пераможцаў будзе вітацца арыгінальнасць і крэатыўнасць удзельнікаў, у тым ліку і як фатографаў.

Далей конкурсныя фатаграфіі з'явяцца на сайце радыё "Беларусь" www.radiobelarus.tvr.by у спецыяльным раздзеле #booksgoglobal, дзе за іх можна будзе галасаваць. Удзельнікі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў ад інтэрнэт-карыстальнікаў і прафесійнага журы, атрымаюць прызы. Падвядзенне вынікаў творчага спаборніцтва пройдзе сёлета ў маі.

Падрабязна з умовамі конкурсу "Мая кніга для ўсяго свету" можна азнаёміцца на афіцыйным сайце міжнароднага радыё "Беларусь".