"Радыус-FM" - усё толькі пачынаецца!

24.07.2017
У ліпені адна з самых папулярных радыёстанцый Беларусі адзначае свой чатырнаццаты дзень нараджэння.

Прэс-рэліз

У ліпені адна з самых папулярных радыёстанцый Беларусі адзначае свой чатырнаццаты дзень нараджэння.

У эфіры "Радыуса-FM" гучыць толькі сучасная папулярная музыка, гарачыя хіты і лепшыя трэкі апошняга дзесяцігоддзя. Радыёстанцыя вяшчае для сваіх слухачоў 24 гадзіны за суткі. 29 перадатчыкаў, размешчаных па ўсёй Беларусі, дазваляюць ахопліваць амаль 90 % тэрыторыі краіны, а таксама прыгранічных раёнаў. "Радыус-FM" - найбуйнейшае хітовае радыё Беларусі.

У Інтэрнэце радыёстанцыя прадстаўлена ўласным сайтам www.radiusfm.by, каналам на YouTube, дзе ў прамым эфіры можна слухаць праект "Карысны дыялог", і публічнай старонкай у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", аўдыторыя якой складае больш за 25 000 падпісчыкаў.

Фармат вяшчання "Радыус-FM" - музычна-інфармацыйны. У яго рамках музычны фармат радыёстанцыі - CHR (Contemporary Hit Radio) - найбольш папулярныя сённяшнія хіты. У аснове інфармацыйна-аналітычнага вяшчання - навіны, інфармацыйныя праграмы, ток-шоу. Асноўная мэтавая аўдыторыя радыёстанцыі - 18-30 гадоў.

Намеснік дырэктара "Радыус-FM" Уладзіслаў Радзюкоў распавядае пра спецыфіку працы радыёстанцыі і дзеліцца сакрэтамі поспеху: "На працягу чатырнаццаці гадоў наша радыёстанцыя некалькі разоў змяняла фармат вяшчання. На сёння мы - моладзевае радыё з самым свежым кантэнтам. У першую чаргу, гэта, вядома, музыка. Мы працуем так, каб нашы слухачы ў любую хвіліну, уключыўшы "Радыус-FM", маглі атрымліваць асалоду ад толькі лепшых хітоў сучаснасці, таму з упэўненасцю можам назваць сябе хітовым радыё.

Другая наша асноўная задача - утрымаць слухача, не даць яму пераключыцца, таму мы знімаем з эфіру праекты, якія страчваюць папулярнасць, і шукаем тое, што актуальна сёння. Напрыклад, нядаўна ў нас з'явіліся еўрапейскія радыёшоу Kingdom ад Gorgon City і Spinnin' Sessions - праекты з лепшым кантэнтам ад самых вядомых сусветных выканаўцаў, што транслююцца ў Беларусі толькі на нашай радыёстанцыі.

Адзначу, што наш поспех шмат у чым абумоўлены працай каманды сапраўдных прафесіяналаў, сярод якіх, напрыклад, вопытныя Дзяніс Сцяпанаў і Аляксей Пятроўскі, якія зараз працуюць у праекце "Самая раніца" з маладой і таленавітай вядучай Кацярынай Казлоўскай. Дарэчы, у сезоне 2017-2018 мы прапануем не толькі свежыя праекты, але і новую вядучую - Ганну Ліпай.

Яшчэ адзін складальнік поспеху - зваротная сувязь з нашымі радыёслухачамі пасродкам сацыяльных сетак "ВКонтакте", Facebook, Instagram і "Аднакласнікі". Нават нягледзячы на тое, што агульная іх аўдыторыя перавышае 28 000 чалавек, мы імкнёмся ўсім адказваць і ўлічваць пажаданні слухачоў.

Упэўнены, што наша радыёстанцыя і далей будзе працягваць радаваць нашых прыхільнікаў добрай музыкай і дарыць выдатны настрой".

Вось ужо чатырнаццаць гадоў, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю на рынку FM-вяшчання, радыёстанцыя Белтэлерадыёкампаніі "Радыус-FM" дае сваім слухачам самыя свежыя навіны, сюжэты пра музыку і кіно, гісторыі пра жывую прыроду, навуку і шоу-бізнес, актуальныя інтэрв'ю, кансультацыі, агляды і, вядома, толькі самую лепшую музыку.

Мы жадаем усёй камандзе "Радыус-FM" поспехаў, росквіту і спадзяёмся, што яны заўсёды будуць заставацца на хвалі поспеху і ў радыусе пазітыву!