Прэм'ера тэлефільма АТН "Якаў Шапіра. Адзін за ўсіх"

22.11.2016
Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм, прысвечаны вядомаму беларускаму футбольнаму трэнеру Якаву Шапіру, якому 23 лістапада споўнілася б 55 гадоў.

Прэс-рэліз

Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм, прысвечаны вядомаму беларускаму футбольнаму трэнеру Якаву Шапіру, якому 23 лістапада споўнілася б 55 гадоў. У гэты дзень на канале "Беларусь 1" у 21:45 адбудзецца прэм'ера тэлефільма "Якаў Шапіра. Адзін за ўсіх".

10 ліпеня 2004 года падчас чарговага футбольнага матча чэмпіянату Беларусі паміж жодзінскім "Тарпеда" і гродзенскім "Нёманам" здарыўся сардэчны прыступ у вядомага футбольнага спецыяліста Якава Шапіры. Жодзінцы, якімі кіраваў 43-гадовы трэнер, у той год былі прэтэндэнтамі на медалі, і Якаў Міхайлавіч вельмі хваляваўся за зыход матча. На наступны дзень ён пайшоў з жыцця, якое было прысвечанае і аддадзенае гульні нумар адзін…

shapiro.jpg

23 лістапада, у дзень нараджэння Якава Шапіры, спецыяльны карэспандэнт АТН медыяхолдынга Ганна Эйсмант падрыхтавала да эфіру хранікальна-дакументальны тэлефільм "Якаў Шапіра. Адзін за ўсіх". Стужка распавядзе, як вядомы трэнер прайшоў шлях ад дваровай каманды да еўракубкаў, як яму ўдалося выхаваць цэлае футбольнае пакаленне.

Успамінамі пра Якава Міхайлавіча падзяліліся вядомыя футбольныя спецыялісты, беларускія трэнеры, дзеючыя гульцы, яго сябры і калегі: Ігар Гурыновіч, Георгій Кандрацьеў, Анатоль Капскі, Юрый Пунтус, Васіль Хамутоўскі, Віталь Радзівонаў, Сяргей Новікаў.

"Выхаванцы Якава Шапіры сёння самі з'яўляюцца паспяховымі спецыялістамі - як трэнеры чэмпіёна Беларусі БАТЭ Аляксандр Ермаковіч і Аляксандр Лісоўскі. Вядомы сёння за межамі нашай краіны Леанід Кучук быў памочнікам Якава Міхайлавіча ў яго першым клубе. Каманда "Атака" ў той час грымела на ўсю краіну! Гэта ўнікальная з'ява, калі ў 90-я гады Якаў Шапіра здолеў стварыць першы выключна спонсарскі клуб, захапіць ідэяй не толькі футбалістаў, але і людзей з грашыма. Мы паспрабавалі аднавіць храналогію жыцця выдатнага трэнера, каб гледачы, якія мала пра яго ведаюць, пачулі аб яго шматгранным таленце", - расказала аўтар фільма Ганна Эйсмант.

Прэм'ера хранікальна-дакументальнага фільма АТН "Якаў Шапіра. Адзін за ўсіх" пра выбітнага беларускага трэнера адбудзецца на канале "Беларусь 1" у сераду вечарам адразу пасля "Панарамы".