Прэс-рэліз
4 лістапада ў эфіры сацыякультурнага канала стартуе праект "Архітэктура Беларусі", які дазволіць тэлегледачам паглыбіцца ў мінулае і даведацца пра таямніцы ўнікальных помнікаў архітэктуры.
Гісторыя нашай краіны складаная і разнастайная. Яна памятае мноства войнаў і разбурэнняў, але, нягледзячы на гэта, частку архітэктурных пабудоў цудам атрымалася захаваць і да сёння. У Беларусі можна знайсці ўзоры раманскага стылю і готыкі, барока і класіцызму, мадэрну і эклектыкі.
Кожны з 26 фільмаў праекта "Архітэктура Беларусі" распавядзе аб адным помніку архітэктуры. Не застануцца без увагі жыліцкі палац Булгакаў, ружанскі палац Сапегаў, пружанскі палац Швыкоўскіх, чачэрскія Ратуша і Спаса-Праабражэнская царква, краснабярэжскі палац Гатоўскага, камянецкая вежа-данжон, гродзенскія Стары замак (княжы церам) і Новы замак, скрыбаўская Мураванка, манастыр езуітаў (Фарны касцёл) і многія іншыя.
У здымках праекта прымуць удзел эксперты, супрацоўнікі музеяў, кандыдаты, дактары гістарычных навук, у тым ліку доктар архітэктуры прафесар Сяргей Сергачоў і кандыдат гістарычных навук дацэнт Анатоль Сцебурака.
З дапамогай графікі і аэраздымкі стваральнікі праекта раскрыюць разнастайнасць беларускай архітэктуры.
У першым выпуску праекта тэлегледачы пазнаёмяцца з узорам неагатычнага стылю, жамчужынай горада Косава - палацам Пуслоўскіх, або Косаўскім замкам. Пабудаваны палац у сярэдзіне XIX стагоддзя і належаў сям'і Пуслоўскіх. Замак па-свойму ўнікальны. Раней кожная вежа сімвалізавала месяц года. Сістэма ўнутраных праходаў і вокнаў дазваляла сонечным прамяням трапляць у кожны куток замка. Пакоі мелі свае назвы: Ружовы, Чорны, Белы, Блакітны, Сярэбраны і нават Люстраны. Аднак Лявон Пуслоўскі, спадчыннік роду, прайграў маёнтак у карты, і падчас Першай сусветнай сядзіба была разрабаваная. Але сёння палац адноўлены і гатовы прымаць новых гасцей.
Выпускі "Архітэктуры Беларусі" гледачы канала "Беларусь 3" змогуць убачыць кожную нядзелю ў 20:00. Адзначым, што ўсе серыі праекта на сацыякультурным канале выйдуць у фармаце HD.












