Прэм’ера фальклорнага праекта “Спявае Беларусь”

21.11.2018

Прэс-рэліз

24 лістапада на тэлеканале “Беларусь 3” адбудзецца прэм’ера праграмы “Спявае Беларусь”, якая пазнаёміць гледачоў з самабытнымі таленавітымі калектывамі і прапануе разам з імі праспяваць любімыя беларускія песні.

У першым выпуску народнага шоу вядучыя Ларыса Мятлеўская і Сяргей Выскварка накіруюцца ў вёску Анопаль Мінскага раёна. Яны даведаюцца, чым знакамітая вёска, якія песні спяваюць яе жыхары.

У вёсцы Анопаль вядучыя сустрэнуцца з народным фальклорным ансамблем “Світанак”, які адразу прывітае іх песняй, а пасля раскажа пра сваю гісторыю і творчы рэпертуар. Калектыў назапасіў шмат твораў, сярод якіх і кампазіцыі, прысвечаныя роднай вёсцы. У гледачоў з’явіцца цудоўная магчымасць развучыць гэтыя песні і праспяваць разам з удзельнікамі ансамбля Анопальскага сельскага дома культуры пры дапамозе караоке-цітраў.

Акрамя таго, у кожным выпуску праекта “Спявае Беларусь” фалькларыст Іван Крук будзе расказваць пра традыцыі і звычаі нашых продкаў. У гэтую суботу гледачы тэлеканала “Беларусь 3” даведаюцца, што сімвалізуе калодзеж у духоўным жыцці беларусаў і пачуюць шмат цікавых гісторый.

Прэм’ера новага фальклорнага шоу ў эфіры сацыякультурнага канала адбудзецца 24 лістапада і будзе выходзіць кожную суботу ў 11:25.

Присоединяйтесь к нам