Прэм'ера дакументальнага фільма АТН "Непераможны. Віталь Шчэрба"

23.01.2018
Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм "Непераможны. Віталь Шчэрба", прысвечаны вядомаму гімнасту, шасціразоваму алімпійскаму чэмпіёну, заслужанаму майстру спорту СССР і Рэспублікі Беларусь.

Прэс-рэліз

Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм "Непераможны. Віталь Шчэрба", прысвечаны вядомаму гімнасту, шасціразоваму алімпійскаму чэмпіёну, заслужанаму майстру спорту СССР і Рэспублікі Беларусь. Гледачы даведаюцца, навошта Віталь Шчэрба возіць з сабой пісталет, што вытанчанага ён можа прыгатаваць на абед і якія цяжкасці яму ўдалося пераадолець на шляху да вяршыні спартыўнага Алімпу.

Здымачная група з Беларусі яшчэ ніколі не здымала Віталя Шчэрбу і яго сям'ю ў Злучаных Штатах Амерыкі. Спецыяльны карэспандэнт АТН Ганна Эйсмант вырашыла гэта выправіць, бо амерыканскія калегі маюць магчымасць значна часцей бываць у гасцях у знакамітага беларускага спартсмена ў Лас-Вегасе, але ніхто з іх не хадзіў кругласутачна па пятах легенды, а нашым журналістам гэта ўдалося. Яны праводзілі з ім раніцу, калі Віталь вёз старэйшую дачку ў школу, дзень, калі ён гуляў з маленькім сынам дома, былі з ім да вечара на трэніроўках, бо Шчэрба па-ранейшаму застаецца дзеючым трэнерам па гімнастцы ва ўласнай спартыўнай школе.

"Сёння Віталь Шчэрба - вельмі закрыты чалавек для зносін з прэсай. Ён даўно сышоў ад гламурнага жыцця, хоць яму працягваюць паступаць запрашэнні дзесьці выступіць і кагосьці ўзнагародзіць, але ён усім адмаўляе. Гэта вялікі поспех, што ён пагадзіўся на здымку, а нам пашчасціла правесці некалькі выдатных дзён з гасцінным гаспадаром. Мы імкнуліся здымаць кожны крок непераможанага чэмпіёна, таму ў выніку атрымалася вельмі шмат эксклюзіўнага матэрыялу, якім мы гатовыя падзяліцца з тэлегледачамі", - расказала аўтар фільма Ганна Эйсмант.

Віталь Шчэрба не падстройваў свой рабочы графік пад здымачную групу Белтэлерадыёкампаніі, і тэлевізіёншчыкам удалося ўбачыць цудоўнага бацьку, сапраўднага кулінарнага майстра, які вельмі любіць праводзіць час ля пліты і можа прыгатаваць абед з трох страў. Заядлы рыбак і паляўнічы, ён падарожнічае са сваёй сям'ёй у спецыяльным аўтахаусе, у якім таксама пабывалі журналісты АТН. Толькі для тэлеканала "Беларусь 1" Віталь Шчэрба расказаў, якія азёры Амерыкі можна назваць самымі рыбнымі і навошта ён возіць у аўтамабілі пісталет!

Карэспандэнты АТН пагутарылі ў ЗША з жонкай і маці Віталя, дзякуючы якой ён стаў шасціразовым алімпійскім чэмпіёнам у спартыўнай гімнастыцы на Гульнях-1992 у Барселоне. Гэты вынік да гэтага часу ніхто з гімнастаў не змог перасягнуць.

Дзякуючы ўспамінам родных і самога героя, фільм "Непераможны. Віталь Шчэрба" распавядае гісторыю станаўлення спартсмена, дзе паказаны і яго першы трэнер, і зала, у якой пачыналася ашаламляльная ў будучыні кар'ера гімнаста.

У фільме скарыстаныя ўнікальныя архіўныя запісы і фотаматэрыялы з асабістага альбома Віталя Венедыктавіча. Ён успомніць і аб непрыемнасцях, якія прыйшлося прайсці - ад здрады сяброў да аўтакатастрофы, у якую трапіла яго першая жонка. Яна перажыла клінічную смерць, а Віталь Шчэрба, нягледзячы на наймацнейшыя перажыванні, здолеў заваяваць 4 бронзавыя ўзнагароды для Рэспублікі Беларусь на Алімпіядзе ў Атланце. Дакументальнае кіно Ганны Эйсмант пакажа героя моцнага духам і ў той жа час шчасліўчыка па жыцці.

Прэм'еру хранікальна-дакументальнага фільма "Непераможаны. Віталь Шчэрба" гледачы "Беларусь 1" убачаць 1 лютага адразу пасля "Панарамы".