Прэс-рэліз
Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм "Біятлон.by. Эстафета пакаленняў", прысвечаны гісторыі станаўлення гэтага віду спорту ў нашай краіне. Спецыяльны карэспандэнт АТН Ганна Эйсмант даведалася, у чым выступалі беларускія спартсмены пасля развалу Савецкага Саюза, хто ўклаў вінтоўку ў рукі Надзеі Скардзіны, а Дар'я Домрачава ўпершыню распавяла здымачнай групе медыяхолдынга аб сваім містычным з'яўленні ў беларускай нацыянальнай камандзе. Эксклюзіўныя кадры, матэрыялы з асабістых фота- і відэаархіваў - у новым фільме пра айчынны біятлон.
Аўтар вядомых дакументальных фільмаў пра Руслана Салея, Якава Шапіру, Макса Мірнага і Віталя Шчэрбу, журналіст АТН Ганна Эйсмант у гэтым сезоне працавала на шматлікіх этапах Кубка свету па біятлоне і Алімпіядзе ў Пхёнчхане. У спецыяльным хранікальна-дакументальным фільме пра гэты від спорту яна вырашыла паказаць сучасную гісторыю біятлона ў Беларусі.
Пасля распаду СССР адбыўся пераварот і ў біятлоне - кожная краіна стала асобна выступаць на міжнародных спаборніцтвах і самастойна рыхтаваць спартсменаў. Для Беларусі гэты новы шлях пачынаўся не толькі з гучных перамог Аляксандра Папова і Святланы Парамыгінай. У новым фільме "Біятлон.by. Эстафета пакаленняў" знакамітыя страляючыя лыжнікі Уладзімір Драчоў, Алег Рыжанкоў, Святлана Парамыгіна і Алена Зубрылава распавядуць, з якімі цяжкасцямі ім давялося сутыкнуцца ў 1990-я. Яны ўспомняць, як за свой кошт даставалі лыжы, елі на спаборніцтвах і выходзілі на старты ў танных біятлонных касцюмах, каб, не кажучы аб прыгажосці або стылі, проста выступіць.
Алімпійская чэмпіёнка і ўладальніца Малога хрустальнага глобуса ў індывідуальных гонках на этапах Кубка свету гэтага года Надзея Скардзіна і чатырохразовая пераможца Алімпіяды Дар'я Домрачава самі распавядуць гледачам аб сваім з'яўленні ў беларускай нацыянальнай камандзе. Надзея прыехала з Расіі, але менавіта беларускія трэнеры ўклалі ёй у рукі вінтоўку і зрабілі з яе лепшага снайпера ў сучасным біятлоне. У эксклюзіўным інтэрв'ю ў Холменколене Дар'я Домрачава раскрые цікавыя факты аб сваім містычным з'яўленні ў жаночай зборнай Беларусі. Гледачы ўпершыню пачуюць пра неверагодны збег акалічнасцяў у гэтай, здавалася, вядомай усім гісторыі.
"З алімпійскіх медалёў Дар'і Домрачавай і Сяргея Новікава ў Ванкуверы можна гаварыць аб самастойных перамогах сучаснай школы беларускага біятлона, якая пераняла лепшае ў савецкіх метадаў падрыхтоўкі спартсменаў і далей пайшла сваім шляхам. Чэмпіёнскую эстафету нашы біятланісты прадоўжылі ў Сочы і Пхёнчхане. Мы пагутарылі таксама з новым пакаленнем беларускіх спартсменаў - трыумфатарамі апошняй Алімпіяды Дынарай Алімбекавай і Ірынай Крыўко", - гаворыць аўтар фільма Ганна Эйсмант.
Прадстаўнікі Беларускай федэрацыі біятлона ў рамках фільма расставілі акцэнты ў падрыхтоўцы рэзерву нацыянальнай каманды, распавялі аб эксперыментальнай праграме па працы з падрастаючым пакаленнем, аб выступленні ўдзельнікаў такой эксперыментальнай групы на Кубку федэрацыі і турніры для аматараў біятлона "Cнежны снайпер".
Прэм'еру хранікальна-дакументальнага фільма "Біятлон.by. Эстафета пакаленняў" гледачы "Беларусь 1" убачаць 19 красавіка адразу пасля "Панарамы".













