Праз тыдзень стане вядома імя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2018"

24.08.2018

Прэс-рэліз

31 жніўня вырашыцца інтрыга нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" - вызначыцца пераможца, які прадставіць нашу краіну на прэстыжным міжнародным музычным форуме, які сёлета пройдзе ў Мінску.

Сёлета фінал нацыянальнага адбору абяцае стаць сапраўдным вакальным батлам, у якім сыдуцца група "Мята" (г. Мінск), Даніэль Алекс Ястрэмскі (г. Мінск), Лізавета Мея (г. Жодзіна, Мінская вобласць), Арцём Скароль (г. Ашмяны, Гродзенская вобласць), Ангеліна Ярашчук (г. Мінск), вакальная група Мonkey Tops (г. Мінск), Марыя Жыліна (г. Мінск), Яраслаў Саколікаў (г. Мінск), Мікіта Бялько (г. Мінск), Марыя Гулевіч (г. Мінск).

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by пачнецца ў 22:00 31 жніўня. Пераможца будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. Ён прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2018" 25 лістапада гэтага года ў Мінску.

Увесь вечар разам з удзельнікамі фіналу будуць вядучыя праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" Тэа і Вольга Рыжыкава.

Адкрые гала-канцэрт прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" Хелена Мерааі. Яна выканае песню "Я самая", якая гучала на міжнародным песенным форуме ў Тбілісі.

Магчымасць выступіць у якасці гасцей гала-канцэрта атрымаюць выканаўцы, якім не ўдалося прайсці ў фінал нацыянальнага адбору гэтага года, але прафесійнае журы адзначыла высокі ўзровень іх творчых нумароў падчас праслухоўвання.

Выступленню кожнага з 10 фіналістаў будуць папярэднічаць відэавізітоўкі, здымкі якіх ажыццявіла творчая каманда медыяхолдынга (рэжысёр - Яна Шаблыка). Пачынаючы з 27 жніўня, візітоўкі можна будзе ўбачыць у рамках праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", каб лепш пазнаёміцца з фіналістамі адборачнага тура ў эфіры канала "Беларусь 1".

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).