Праслухоўванне прэтэндэнтаў для дзіцячага "Еўрабачання-2018" пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі 6 ліпеня

29.06.2018

Прэс-рэліз

6 ліпеня ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Жывое праслухоўванне юных здольнасцяў будзе праходзіць на самай вялікай тэлевізійнай пляцоўцы медыяхолдынга - у студыі "600 метраў".

Нагадаем, арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.

У адпаведнасці з палажэннем, тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў адборы заканчваецца сёння - 29 чэрвеня 2018 года.

Варта адзначыць, што традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні, і гэты год не стаў выключэннем. На 10:00 29 чэрвеня на адрас арганізатараў паступіла каля 40 заявак, аднак гэтая колькасць не з'яўляецца канчатковай. Як і ў мінулыя гады, Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён для таго, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны бандэролі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаныя.

Сярод анкет, якія ўжо паступілі, - як сольныя выканаўцы, так і калектывы, прычым некаторыя з іх ужо не першы раз змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на міжнародным форуме.

Апроч заявак, на адрас Белтэлерадыёкампаніі паступае вялікая колькасць зваротаў кансультатыўнага характару, якія датычацца тых або іншых пунктаў палажэння. Мы бачым, што актыўнасць нашых патэнцыйных удзельнікаў даволі высокая, і разлічваем на тое, што канчатковая колькасць бандэроляў будзе не меншая, чым у мінулыя гады. Так, у 2017 і 2016 гадах да праслухоўвання былі дапушчаныя 45 удзельнікаў, у 2015 - 41 юны выканавец.

Ужо 6 ліпеня ў 12:00 патэнцыйныя ўдзельнікі музычнага дзіцячага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы ў самай вялікай студыі на Макаёнка, 9 - знакамітай "шасцісотцы", абсталяванай паводле апошняга слова тэхнікі.

Да праслухоўвання будуць дапушчаныя ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, паказанымі ў палажэнні:

- удзел у адборы могуць прыняць юныя выканаўцы, якім на дату правядзення міжнароднага конкурсу павінна быць не менш як 9 і не больш як 14 гадоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь альбо замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш як 2 з паловай гады;

- у адборы можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на беларускай і (або) рускай мове з выкарыстаннем замежнай мовы (але не больш як 40 % аб'ёму тэксту) і музыкі, якія не былі камерцыйна рэалізаваныя, а таксама выкананыя публічна цалкам або часткова да 1 мая 2018 г.;

- удзельнік праекта павінен быць адзіным праваўладальнікам музыкі і тэксту песні альбо мець сумеснае прававалоданне музыкай і тэкстам песні, калі ў праекце прымае ўдзел калектыў выканаўцаў.

Праслухоўванне будзе праходзіць у рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або якіх-небудзь вакальных імітацый.

Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале, які будзе праведзены не пазней за 15 верасня ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2018" 25 лістапада ў Мінску, вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія датычацца правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.