Прэс-рэліз
У студыі "600 метраў" галоўнага медыяхолдынга краіны праходзіць жывое праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".
Арганізатарам адборачнага тура выступае Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія вызначаюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.

Арганізатары дапусцілі да праслухоўвання 62 заяўкі, аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі палажэння. Сярод анкет як сольныя выканаўцы, так і калектывы. Прычым некаторыя з іх ужо не першы раз змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на міжнародным форуме.
Даведка: у 2017 і 2016 гадах да праслухоўвання былі дапушчаны 45 удзельнікаў, у 2015-ым 41 юны выканаўца.
У склад прафесійнага журы ўвайшлі: намеснік начальніка аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Пархамовіч; заслужаная артыстка Беларусі спявачка Наталля Тамела; намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Саламаха; карэспандэнт АТН, тэлевядучы Яўген Перлін; спявачка і тэлевядучая Вольга Рыжыкава; спявак, саліст гурта "Атлантыка" Аляксей Набееў; спявачка Ганна Шаркунова.

Праслухоўванне праходзіць у рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або якіх-небудзь вакальных імітацый. Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале.

Імёны фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" будуць аб'яўленыя сёння, 6 ліпеня, у 19:00 у выпуску "Навін" на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пасля выхаду сюжэта ў тэлеэфір спіс будзе апублікаваны на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by
Заўтра, 7 ліпеня, у 12:00 у Белтэлерадыёкампаніі пройдзе жараб'ёўка фіналістаў, якая вызначыць чарговасць выступлення юных артыстаў у справаздачным канцэрце.

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" адбудзецца не пазней за 15 верасня. Пераможца нацыянальнага адборачнага тура прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2018" сёлета ў лістападзе ў Мінску.
Усе правы, што адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.














