Прэс-рэліз
Сёння ў 12:00 у студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі пачнецца жывое праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017".
Нагадаем, арганізатарам адборачнага тура з'яўляецца Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.
Арганізатары дапусцілі да праслухоўвання ўсіх прэтэндэнтаў, чые заяўкі былі аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, паказанымі ў палажэнні, а гэта 45 удзельнікаў, з якіх 37 - сольныя выканаўцы і 8 - вакальныя групы. Некаторыя з прэтэндэнтаў даслалі больш як адну конкурсную кампазіцыю, у выніку іх будзе 48.
У склад прафесійнага журы ўвайшлі: кампазітар, народны артыст Беларусі, першы намеснік старшыні праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз кампазітараў" Эдуард Зарыцкі (старшыня журы); намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Саламаха; кампазітар, аранжыроўшчык Генадзь Маркевіч; спявак, афіцыйны прадстаўнік Беларусі на Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2015" Юзары; папулярная спявачка Іскуі Абалян; кансультант аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Пархамовіч; піар-менеджар Сяргей Андрыянаў.
Праслухоўванне будзе праходзіць у рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або якіх-небудзь вакальных імітацый. Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале.
Імёны фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" будуць аб’яўленыя сёння, 7 ліпеня, у 19:00 у выпуску навін на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пасля выхаду сюжэту ў тэлеэфір спіс будзе апублікаваны на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by
Усе правы, якія датычацца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.












