Праслухоўванне прэтэндэнтаў для дзіцячага "Еўрабачання-2017" пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі 7 ліпеня

30.06.2017
7 ліпеня ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017".

Прэс-рэліз

7 ліпеня ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Упершыню за ўсю гісторыю дзіцячага нацыянальнага адбору жывое праслухоўванне юных здольнасцяў будзе праходзіць на самай вялікай тэлевізійнай пляцоўцы медыяхолдынга - у студыі "600 метраў".

Нагадаем, арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія вызначаюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.

У адпаведнасці з палажэннем, тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў адборы заканчваецца сёння - 30 чэрвеня 2017 года.

Варта адзначыць, што традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні, і гэты год ізноў не стаў выключэннем. На 15:00 30 чэрвеня на адрас арганізатараў паступіла каля 30 заявак, аднак гэтая колькасць не з'яўляецца канчатковай. Як і ў мінулыя гады, Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з сямі дзён для таго, каб усе адпраўленыя ў вызначаныя тэрміны бандэролі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаныя.

А ўжо 7 ліпеня ў 12:00 патэнцыяльныя ўдзельнікі музычнага дзіцячага форуму змогуць прапанаваць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы ў самай вялікай студыі на Макаёнка, 9 - знакамітай "шасцісотцы", абсталяванай па апошнім слове тэхнікі. Да праслухоўвання будуць дапушчаныя ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прапісанымі ў палажэнні.

Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале, які будзе праведзены не пазней за 16 верасня ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2017" 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія), вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.