Праграма "Існасць" - 20 гадоў у эфіры!

19.05.2017
Духоўная праграма "Існасць", якая выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", сёлета адзначае сваё 20-годдзе. За гэты час праект не проста трывала заняў сваю нішу ў сетцы галоўнага канала краіны, але і стаў адным з самых папулярных на беларускім тэлебачанні.

Прэс-рэліз

Духоўная праграма "Існасць", якая выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", сёлета адзначае сваё 20-годдзе. За гэты час праект не проста трывала заняў сваю нішу ў сетцы галоўнага канала краіны, але і стаў адным з самых папулярных на беларускім тэлебачанні.

На працягу двух дзясяткаў гадоў аўтары праграмы "Існасць" знаёмяць тэлегледачоў з гісторыяй і філасофіяй хрысціянства, распавядаюць пра рэлігійныя святы, а таксама падарожнічаюць па святых месцах нашай краіны. Што або хто дапамагае нам умацоўвацца ў веры, пазбаўляцца ад сумненняў, памылак, станавіцца сапраўднымі хрысціянамі - менавіта пра гэта гавораць героі і аўтары праграмы.

За шматгадовую дзейнасць у "Існасці" сфарміравалася пастаянная аўдыторыя. Разнастайныя тэмы і формы падачы інфармацыі робяць праграму цікавай для тэлегледачоў усіх узростаў.

Ля вытокаў праекта стаяла журналістка Галіна Дзядзічкіна, а таксама рэжысёр, а цяпер святар Аляксандр Якуцік. Больш як дзесяць гадоў аўтарам і кіраўніком праграмы з'яўляецца Інга Бялова.

"Галоўныя мэты "Існасці" сёння - раскрыць гледачам нязведаныя старонкі гісторыі і падаць інфармацыю аб надзённых тэмах нашага жыцця, у якім духоўныя запатрабаванні займаюць зусім не апошняе месца. Мы атрымліваем шмат лістоў, у якіх людзі дзеляцца асабістымі гісторыямі, распавядаюць пра мясцовыя храмы, - падкрэсліла Інга Бялова. - Некаторыя тэмы ў выпусках настолькі хвалюючыя, што тэлегледачы для абмеркавання іх прыязджаюць да нас у госці. Прыемна, што з кожным годам наш духоўна-асветніцкі праект становіцца ўсё больш запатрабаваным у тэлеаўдыторыі".

І як вынік гэтага - вялікая колькасць узнагарод і дыпломаў самых розных міжнародных фэстаў у творчай скарбонцы праграмы. Да прыкладу, аўтарскі калектыў "Існасці" - лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне", а таксама ўладальнік ганаровага дыплома Міжнароднага каталіцкага фэсту фільмаў і тэлепраграм Magnificat. На Міжнародным фэсце праваслаўнага кіно ў Кіеве праграма "Існасць" заўсёды займае прызавыя месцы.

Для інфармацыі: Духоўная праграма "Існасць" прысвечана рэлігіі, хрысціянскай культуры, а таксама маралі і каштоўнасцям. Праект ствараўся з падтрымкай царквы. Праграму благаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Зараз перадачу падтрымліваюць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.