Праекты "Беларусь 3" вярнуліся з творчых водпускаў

04.09.2018

Прэс-рэліз

Ужо ў першыя тыдні верасня гледачоў сацыякультурнага тэлеканала чакаюць сустрэчы з дакументалістамі Галінай Адамовіч і Іванам Куракевічам у рамках праграмы "Час кіно" і актрысай Марыяй Захарэвіч у праекце "Майстры і куміры".

У новым сезоне тэлеканал "Беларусь 3" працягвае супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, каб і далей радаваць сваіх гледачоў лепшымі навучальнымі работамі, магчыма, будучых зорак айчыннага кіно і тых, хто ўжо заняў ганаровае рэжысёрскае месца.

7 верасня ў 22:20 у эфіры "Беларусь 3" будуць паказаныя студэнцкія работы вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста, выпускніцы БДАМ 1994 года Галіны Адамовіч. Яе фільмы не раз станавіліся лаўрэатамі буйных кінематаграфічных фестываляў і форумаў. Зараз гледачы змогуць убачыць яе самыя першыя, навучальныя стужкі, з якімі яна, скончыўшы курс вядомага дакументаліста Віктара Дашука, пайшла ў вялікае плаванне па хвалях айчыннага кіно - гэта кінанавелы "Пакахай мяне чорненькім" ("Беларусьфільм", 1993) і "Турусы на калёсах" ("Беларусьфільм", 1991).

Перад паказам гледачоў чакае выпуск праекта "Час кіно", вядучым якога выступіць акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, дэкан кафедры экранных мастацтваў БДАМ, прафесар Павел Іваноў. У праграме Галіна Адамовіч не толькі прэзентуе свае фільмы, але і распавядзе, чаму, паступаючы ў далёкім 1989 годзе ў тады яшчэ Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, выбрала менавіта дакументальнае кіно, ці ёсць у яе жаданне паставіць ігравую карціну, якія тэмы цікавяць яе як рэжысёра.

14 верасня ў 22:20 госцем праграмы "Час кіно" стане малады таленавіты рэжысёр-дакументаліст, выпускнік БДАМ 2014 года Іван Куракевіч. Ён распавядзе вядучаму праекта і гледачам, якімі метадамі карыстаецца пры стварэнні фільмаў, ці цяжка яму расставацца са сваімі героямі, як ён ставіцца да тэндэнцыі ўвядзення ігравых момантаў у дакументальнае кіно.

Іван Куракевіч таксама прэзентуе свае раннія работы на ніве дакументалістыкі - стужкі "Мая дыстанцыя" (Беларусь, 2013) і "Без вады" (Беларусь, 2012), якія тэлегледачы ўбачаць у эфіры "Беларусь 3" адразу пасля сустрэчы з рэжысёрам.

16 верасня ў 11:50 выйдзе новы выпуск праекта "Майстры і куміры". У гасцях у Марыны Драгінай - народная артыстка Беларусі, актрыса Купалаўскага тэатра, рэжысёр, прафесар, легенда беларускага радыё і тэлебачання Марыя Захарэвіч. Гераіня праграмы падзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства і сямейнага шчасця, успомніць свае студэнцкія гады і першыя спектаклі, знакавыя ролі і эфіры, сяброў і калег па творчым цэху. Актрыса распавядзе, якія персанажы ёй блізкія, дзе яна любіць адпачываць, як адчувае сябе ў рэжысёрскім крэсле.

Унікальныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі забяспечаць, як заўсёды, поўнае паглыбленне ў экраннае мінулае. Шматлікія запісы стануць прыемным адкрыццём не толькі для гледачоў, але і для самой Марыі Георгіеўны.