Праект "Накаўт-раўнд" выклікае цікавасць у тэлегледачоў і інтэрнэт-карыстальнікаў

23.02.2017
Шчырую цікавасць у тэлегледачоў і інтэрнэт-карыстальнікаў выклікае новы праект канала "Беларусь 5" "Накаўт-раўнд", удзельнікі якога змагаюцца за права стаць часткай каманды спартыўнага канала. 

Прэс-рэліз

Шчырую цікавасць у тэлегледачоў і інтэрнэт-карыстальнікаў выклікае новы праект канала "Беларусь 5" "Накаўт-раўнд", удзельнікі якога змагаюцца за права стаць часткай каманды спартыўнага канала. Доказ таму - немаленькая лічба: больш за 20 тысяч галасоў, якія толькі ў чвэрцьфіналах праекта падалі гледачы за сваіх фаварытаў у анлайн-галасаванні за народнага каментатара на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by.

Нагадаем, згодна з умовамі праекта, прэтэндэнты рэаліці-шоу спаборнічаюць па алімпійскай сістэме на выбыванне: 1/4 фіналу, паўфіналы і фінал. Удзельнікаў ацэньваюць два журы: прафесійнае і народнае. Кожны тыдзень яны адбіраюць двух самых годных: першага выбірае журы, другога - гледачы з дапамогай інтэрнэт-галасавання.

Прафесійнае журы ўжо вызначыла чатырох прэтэндэнтаў, якія атрымалі запаветныя пуцёўкі ў паўфінал. Згодна са словамі кіраўніка праекта "Накаўт-раўнд" Аляксандра Казюкевіча, вызначыць паўфіналістаў было даволі лёгка, бо яны першапачаткова выдзяляліся з усіх канкурсантаў.

Яшчэ чатыры народныя каментатары былі выбраны тэлегледачамі.

Натуральна, у шоу ёсць як відавочныя фаварыты, так і ўдзельнікі, якія пакуль недастаткова раскрылі свой патэнцыял, але яны змогуць рэабілітавацца ўжо 4 сакавіка ў паўфінале, дзе канкурсантаў чакаюць незвычайныя выпрабаванні.

Дарэчы, творчая каманда праекта не раскрывае сакрэтаў спаборніцтваў, але абяцае, што будзе цікава. Бо планку, якая была зададзена ў пачатку праекта, зніжаць нельга.

"Мы імкнёмся зрабіць конкурсы разнастайнымі, каб праверыць тэарэтычныя веды ўдзельнікаў у сферы спорту, іх эрудыцыю, уменне размаўляць з людзьмі і - самае галоўнае - каментатарскія навыкі і здольнасці", - адзначыў Аляксандр Казюкевіч.

Нагадаем, пераможца рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд" стане часткай каманды "Беларусь 5" і папоўніць рады каментатараў спартыўнага тэлеканала.