Прэс-рэліз
28 студзеня на спартыўным канале "Беларусь 5" пачнецца гульня на выбыванне ў рамках новага рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд". У чвэрцьфінале праекта прэтэндэнты на званне народнага каментатара будуць падзелены на чацвёркі, з якіх найлепшыя ўдзельнікі пройдуць у паўфінал.
Нагадаем, у пачатку студзеня тэлеканал "Беларусь 5" падвёў вынікі папярэдняга кастынгу спартыўных каментатараў, які Белтэлерадыёкампанія праводзіла для новага праекта "Накаўт-раўнд". 14 удзельнікаў былі выбраны прафесійным журы, а яшчэ за 2 патэнцыяльных каментатараў прагаласавалі гледачы на сайце медыяхолдынга tvr.by.
"Мы атрымалі больш за сотню заявак, адабралі каля 70 кандыдатаў, але не чакалі, што будзе так складана выбраць 16 лепшых. Назіраўся даволі высокі ўзровень канкурэнцыі пры добрай падрыхтоўцы большасці ахвотнікаў трапіць у праект. Давялося звярнуцца па дапамогу тэлегледачоў, якім было прапанавана выбраць 2 сваіх фаварытаў, і яны паспяхова справіліся з гэтай задачай. Відавочная перавага ў галасаванні Аляксея Канапліцкага і Арцёма Філіповіча не пакінула сумненняў у прафесійнага журы, і зараз іх чакае сапраўдная бітва ў 1/4 фіналу", - гаворыць кіраўнік праекта "Накаўт-раўнд" Аляксандр Казюкевіч.
Згодна з умовамі праекта, прэтэндэнты, якія прайшлі ў "Накаўт-раўнд", працягваюць спаборнічаць па алімпійскай сістэме на выбыванне: 1/4 фіналу, паўфіналы і фінал.
У суботу ў першым спаборніцтве на стадыі 1/4 фіналу сыдуцца ўдзельнікі, якія заявілі на кастынгу, што гатовыя каменціраваць гульню нумар адзін у свеце - футбол. З дапамогай "Накаўт-раўнда" ў іх з'явіцца магчымасць паспрабаваць свае сілы ў крэсле футбольных каментатараў Белтэлерадыёкампаніі - Уладзіміра Навіцкага, Сяргея Мацкевіча, Паўла Баранава або Аляксандра Дзмітрыева. Апроч гэтага, кандыдатаў, якія хочуць пацясніць беларускіх мэтраў каментатарскага мастацтва, чакаюць заданні на эрудыцыю ад вядучага рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд" Мікалая Хадасевіча.
Ацэньваць удзельнікаў будзе прафесійнае журы і тэлегледачы. На кожным этапе пропуск у наступны раўнд атрымліваюць 2 удзельнікі з 4 прэтэндэнтаў: першага выбірае журы, а кандыдатуру другога вызначае галасаванне гледачоў. Дарэчы, у першым чвэрцьфінале адзін з членаў прафесійнага журы - гэта вядомы беларускі футбольны варатар, які ўжо паспрабаваў свае сілы ў якасці тэлевізійнага каментатара і эксперта, Васіль Хамутоўскі.
Уключайце 28 студзеня ў 16:15 "Беларусь 5" і падтрымлівайце свайго прэтэндэнта на званне лепшага спартыўнага каментатара з народа.












