Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". 4 лютага афіцыйны прадстаўнік нашай краіны на міжнародным форуме – гурт NAVIBAND - выступіць у якасці спецыяльнага госця на ўкраінскім нацыянальным адборы ў Кіеве.
Запрашэнне выступіць на канцэрце нацыянальнага адборачнага тура нашай краіны-суседкі і краіны - гаспадыні сёлетняга Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне" было атрымана Белтэлерадыёкампаніяй ад украінскіх калег - арганізатараў адбору.
Беларускія ўдзельнікі "Еўрабачання-2017" праспяваюць на канцэрце сваю конкурсную кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця". Нагадаем, што ў адпаведнасці з праведзенай жараб'ёўкай, Украіна будзе галасаваць за ўдзельнікаў другога паўфіналу, сярод якіх і наш гурт NAVIBAND.
Акрамя гэтага, падчас візіту ва Украіну 3-5 лютага Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук змогуць пагутарыць з прадстаўнікамі друкаваных і электронных СМІ, адказаць на іх пытанні, а таксама стануць гасцямі эфіру папулярных радыёстанцый.
Адзначым, што Беларусь адной з першых сярод краін - удзельніц "Еўрабачання" вызначылася з выбарам свайго прадстаўніка на конкурсе. Гэта дазволіць гурту NAVIBAND выступіць на нацыянальных адборах у іншых краінах, а таксама на традыцыйных еўравізійных вечарынках, каб прэзентаваць сваю конкурсную песню як мага большай колькасці еўрапейскай публікі.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Кіеве з 9 па 13 мая. Усяго сёлета ў песенным форуме прымуць удзел 43 краіны.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".












