Пра тых, для каго адраджэнне малой радзімы стала "Справай жыцця", новы цыкл праекта АТН

18.05.2018

Прэс-рэліз

З 24 мая кожны чацвер у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" стартуе новы цыкл праекта Агенцтва тэленавін "Справа жыцця" пад загалоўкам "Адраджэнне". Шэсць пятнаццаціхвілінных фільмаў пазнаёмяць гледачоў з тымі, хто лічыць сваім абавязкам рабіць краіну лепшай і прыгажэйшай і пачынае з малога - сваёй малой радзімы.

У першай серыі цыкла тэлегледачоў чакае сустрэча з пісьменнікам, мецэнатам, масквічом з беларускімі каранямі Валерыем Казаковым. Вярнуцца да вытокаў яго заклікаў голас малой радзімы - у дзень нараджэння маці дарогі містычным чынам прывялі яго да хутара на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, так падобнага на бацькоўскі хутарок з дзяцінства, які знік у савецкія гады, і нават з сугучнай назвай. Новы дом стаў для Валерыя надзейным прыстанкам - зараз па тэрыторыі хутара расхаджваюць паўліны і цацаркі, на дрэвах шчабечуць сотні шпакоў - для іх у яблыневым садзе пабудавана больш за 30 шпакоўняў. Валерый Казакоў упэўнены: каб быць шчодрым, неабавязкова быць багатым, і штодня пацвярджае сваё перакананне ўчынкамі.

Ураджэнец Магілёўшчыны вядомы не толькі дзяржаўнай дзейнасцю і сваімі літаратурнымі творамі, прасякнутымі духам яго любімай малой радзімы, сярод якіх раманы "Чорны кот" і "Горад, які заўсёды са мной…". Яго намаганнямі ў Беларусь ужо вярнулася каля 400 рарытэтаў і артэфактаў - старажытных кніг, гравюр, манет і ўпрыгажэнняў, якія ён знаходзіць у паездках, выкупляе сам і з дапамогай сяброў-мецэнатаў у прыватных калекцыянераў антыкварыяту і на аўкцыёнах. Многія старажытныя рэчы былі знойдзены яго землякамі на бабуліных гарышчах. Свае знаходкі і набыткі Валерый дорыць беларускім музеям і бібліятэкам.

Здымачная група АТН на чале з аўтарам выпуску Алесяй Высоцкай і рэжысёрам Марыяй Жукавай убачыла на свае вочы рарытэты, вернутыя на радзіму, якія ўжо сталі здабыткам і гонарам музея гісторыі Магілёва і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама пабывала ў розных рэгіёнах краіны на дзіўных маляўнічых лакацыях.

Цыкл хранікальна-дакументальных тэлефільмаў "Справа жыцця. Адраджэнне" будзе выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" кожны чацвер пасля "Панарамы". Першы выпуск, прысвечаны Валерыю Казакову, гледачы ўбачаць 24 мая ў 21:50.