Першы нацыянальны падрыхтаваў тэматычны эфір да Дня абароны дзяцей

23.05.2018

Прэс-рэліз

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапаноўвае сваім слухачам зазірнуць у свет дзяцінства, даведацца, што цікавіць беларускіх хлапчукоў і дзяўчынак, якія ў іх захапленні, мары, як яны вучацца і сталеюць.

Галоўнымі героямі эфіру ў гэты дзень стануць школьнікі, выхаванцы дзіцячых садоў, дзіцячыя творчыя калектывы. Дарослыя ўдзельнікі тэматычных праектаў распавядуць, як клапоціцца дзяржава і грамадства пра маладое пакаленне, якія ў нашай краіне дзейнічаюць законы і рэалізуюцца праграмы па абароне правоў дзяцей, ахове мацярынства і дзяцінства.

Увесь дзень у выпусках "Навін" запланаваныя прамыя ўключэнні з святочных пляцовак, спартыўных і творчых конкурсаў, якія пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Пытанні дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, і патрыятычнага выхавання маладога пакалення будуць абмяркоўвацца з экспертамі ў інфармацыйна-аналітычным праекце "Радыёфакт" у 07:00. Ранішняя інфармацыйна-музычная праграма "Раніца з Беларускім радыё" ў 08:00 парадуе любімымі дзіцячымі песнямі. "Сямейная праграма" ў 11:10 і 17:05 пазнаёміць з дружным калектывам дзяцей і дарослых на прыкладзе адной са сталічных школ-ясляў, дзе актыўна рыхтуюцца да чарговага выпускнога будучых першаклашак. Перадача "Будзьце здаровыя!" у 11:35 пазнаёміць з дасягненнямі айчыннай медыцыны ў захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей.

Аналітычная праграма "Актуальны мікрафон" у 12:05 распавядзе пра дабрачынныя праекты Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд". Музычна-забаўная праграма "Настрой!" у 13:10 арганізуе сустрэчу з таленавітымі дзецьмі.

У вячэрнім эфіры праграмы "Вітаем, віншуем, жадаем!" у 17:35 слухачы змогуць павіншаваць сваіх дзяцей і ўнукаў, распавесці аб іх дасягненнях і захапленнях. Свае пажаданні можна прысылаць у выглядзе SMS-паведамленняў на кароткі нумар 1062. У спецыяльным выпуску праекта "Паэтычны эцюд" у 20:15 прагучаць вершы для дзяцей народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Cамых маленькіх слухачоў у 20:50 "Вячэрняя казка", як заўсёды, пакліча ў займальны свет прыгод і мрояў.