Прэс-рэліз
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё працягвае серыю міждзяржаўных радыёмастоў. Так, 12 снежня адбудзецца чарговы радыёмост з "Бірынчы радыё" (Грамадская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Кыргызстана).
Гэтым разам сумесная праграма будзе прысвечана творчасці выдатнага савецкага пісьменніка, філосафа і грамадскага дзеяча Кыргызстана Чынгіза Айтматава.
У мінскую студыю Дома радыё запрошаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі Кубанычбек Амураліеў член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, пісьменнік і перакладчык Анатоль Бутэвіч, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса "Маладосць" Святлана Воцінава. Успамінамі аб знаёмстве з Чынгізам Айтматавым падзеліцца старшыня праўлення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", кіраўнік таварыства дружбы "Беларусь-Кыргызстан" Мікалай Чаргінец.
У студыі ў Бішкеку іх суразмоўцамі стануць прафесар, заслужаны работнік народнай адукацыі, грамадскі дзеяч і малодшая сястра героя праграмы Роза Айтматава, народны пісьменнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Кыргызстана, драматург Мар Байджыеў. Аб сваім стаўленні да творчасці Чынгіза Айтматава распавядзе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кыргызстане Андрэй Страчко.
Вядучымі радыёсустрэчы стануць журналісты Галіна Шаблінская (Беларусь) і Ірына Егінбаева (Кыргызстан).
Радыёмост "Мінск - Бішкек" стартуе ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і "Бірынчы радыё" 12 снежня ў 21:05 па мінскім часе.
Нагадаем, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё можна слухаць на ўльтракароткіх хвалях і ў FM-дыяпазоне, а таксама ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт на сайце і ў лічбавым стандарце DVB-T.












