Першы нацыянальны канал правядзе радыёмост Мінск - Бішкек

30.08.2017
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё працягвае серыю міждзяржаўных радыёмастоў. 31 жніўня, у Дзень незалежнасці Кыргызстана, адбудзецца радыёмост з "Бірынчы радыё" (Грамадская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Кыргызстана).

Прэс-рэліз

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё працягвае серыю міждзяржаўных радыёмастоў. Так, 31 жніўня, у Дзень незалежнасці Кыргызстана, адбудзецца радыёмост з "Бірынчы радыё" (Грамадская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Кыргызстана).

Удзельнікі радыёмоста закрануць такія тэмы, як супрацоўніцтва Беларусі і Кыргызстана ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, рэалізацыя сумесных гандлёва-эканамічных і гуманітарных праектаў, знаёмства з культурай і традыцыямі дзвюх краін.

У мінскую студыю Дома радыё запрошаныя начальнік упраўлення двухбаковых адносін з краінамі СНД Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Віктар Дзенісенка, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Кізіма і дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Малафееў.

У студыі ў Бішкеку іх суразмоўцамі стануць прэзідэнт грамадскага аб'яднання дыпламатаў Кыргызстана Эрык Асаналіеў, старшыня Асамблеі народа Кыргызстана Такон Мамытаў і сустаршыня Клуба рэгіянальных экспертаў Кыргызстана "Пікір" Ігар Шастакоў.

Вядучымі радыёсустрэчы стануць журналісты Дзмітрый Рубашны (Беларусь) і Ірына Егінбаева (Кыргызстан).

Радыёмост Мінск - Бішкек стартуе ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і "Бірынчы радыё" 31 жніўня ў 12:05 па мінскім часе.

Нагадаем, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё можна слухаць на ўльтракароткіх хвалях і ў FM-дыяпазоне, а таксама ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт на сайце radio1.by і ў лічбавым стандарце DVB-T.