Інфармацыйнае паведамленне
Сёння вечарам стане вядома, хто прадставіць нашу краіну на Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017", які пройдзе ў маі гэтага года ў Кіеве.
Падчас прамой трансляцыі фіналу нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і міжнароднага спадарожнікавага "Беларусь 24" свае галасы за ўпадабаных выканаўцаў аддадуць тэлегледачы і прафесійнае журы па класічнай формуле 50х50.
Нагадаем, у складзе журы, сфарміраваным медыяхолдынгам сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, - музыкант, заслужаны артыст БССР, удзельнік ВІА "Песняры", саліст ансамбля "Беларускія песняры" Валерый Дайнэка (старшыня журы); намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Саламаха; кіраўнік радыёстанцыі "Радыус FM" Алена Трашчынская; дырэктар тэлеканала "БелМузТБ" Аляксандр Капёнкін; прадзюсар, тэлевядучы, дырэктар радыёстанцыі "Новае радыё" Уладзімір Богдан; спявачка, педагог па вакале Людміла Куц; галоўны спецыяліст аддзела канцэртна-фестывальных праектаў упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Іна Мардусевіч.
Таксама 19 студзеня свой удзел у працы прафесійнага журы пацвердзілі спявак, кампазітар і прадзюсар Uzari; дырыжор акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Саўрыцкі; дацэнт, выконваючы абавязкі загадчыка кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Дробышава і загадчыца кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяна Цыбульская.
Беларускія тэлегледачы свой голас за ўпадабанага выканаўца змогуць аддаць пасля выступлення апошняга ўдзельніка фінальнага тура, калі будзе адкрыта акно для галасавання. На працягу 10 хвілін тэлегледачы змогуць падтрымаць свайго фаварыта, зрабіўшы тэлефонны званок або адправіўшы SMS па нумарах, паказаных на экране.
Працэдуру тэлефоннага і SMS-галасавання забяспечвае РУП "Белтэлекам".
Для тэлефоннага галасавання неабходна набраць нумар 8-810-101-05-ХХ (ХХ - нумар упадабанага выканаўца).
Для SMS-галасавання неабходна адпраўляць SMS на нумар 2883. У тэксце паведамлення неабходна паказаць нумар - ХХ - упадабанага выканаўца.
Тарыф на паслугу "Званок на платнае інтэрактыўнае апытанне" для абанентаў сеткі стацыянарнай сувязі складае 50 капеек з улікам падатку на дабаўленую вартасць за злучэнне. Кошт званка з мабільнага тэлефона і кошт адпраўкі SMS для абанентаў мабільных аператараў Рэспублікі Беларусь таксама складаюць 50 капеек з улікам ПДВ.
Нагадаем, фінальнае шоу стартуе 20 студзеня ў 22:00 і будзе транслявацца са студыі "600 м" у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" і ў рэжыме анлайн на сайце медыяхолдынга tvr.by. Прамую трансляцыю канцэрта таксама будзе весці радыёстанцыя кампаніі "Радыус FM".
Па выніках праведзенай жараб'ёўкі канкурсанты выступяць у наступным парадку: 1. ІЮЛЬ; 2. Аляксандра Ткач; 3. Уладзіслаў Курасаў; 4. Гурт NAVI; 5. ISAAK NIGHTINGALE; 6. KATTIE; 7. NUTEKI; 8. NAPOLI; 9. Мікіта Ходас; 10. Анжаліка Пушнова; 11. Анастасія Шавярэнка; 12. LERMONT x JULIC; 13. Гурт PROвакацыя.
Усе правы, якія адносяцца да правядзення нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017", належаць выключна арганізатару - Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, адзінаму ў нашай краіне члену Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.













