Паядынак Арлоўскі - Штрувэ пакажа "Беларусь 5"

21.02.2018
Байцы ў цяжкай вагавой катэгорыі беларус Андрэй Арлоўскі і галандзец Штэфан Штрувэ сустрэнуцца на рынгу 4 сакавіка ў ЗША. Спартыўны тэлеканал медыяхолдынга пакажа паядынак у прамым эфіры.

Прэс-рэліз

Байцы ў цяжкай вагавой катэгорыі беларус Андрэй Арлоўскі і галандзец Штэфан Штрувэ сустрэнуцца на рынгу 4 сакавіка ў ЗША. Спартыўны тэлеканал медыяхолдынга пакажа паядынак у прамым эфіры.

Легендарны спартсмен Андрэй Арлоўскі актыўна рыхтуецца да свайго наступнага бою. Яго сапернік - прадстаўнік Нідэрландаў Штэфан Штрувэ. Сустрэча запланаваная на 4 сакавіка ў 6:00 раніцы па беларускім часе. Паядынак пройдзе ў Лас-Вегасе ў рамках Ultimate Fighting Championship (UFC) 222. Прамую трансляцыю з T-Mobile Arena пакажа "Беларусь 5".

Андрэй Арлоўскі - адзінаццаты чэмпіён UFC у цяжкай вазе (2005-2006). За апошнія два гады прайграў пяць з шасці баёў. Па накаўтах (удары) саступіў амерыканцу Сціпэ Міёчычу, па тэхнічных накаўтах - Алістару Аверыму і франка-камерунцу Франсісу Нгану, па задушлівых прыёмах ззаду - амерыканцу Джошу Барнету і па рашэнні - паляку Марчыну Тыбуру.

У лістападзе 2017 года перапыніў серыю паражэнняў і выйграў аднагалосным рашэннем бразільца Джуніёра Альбіні. Стыль выступленняў - кікбоксінг, самба, бокс, бразільскае джыу-джытсу. Статыстыка ў прафесійным ММА: атрымаў перамогу ў 26 з 42 баёў.

Штэфан Штрувэ на прафесійным узроўні выступае з 2005 года. У перыяд з 2012 па 2017 гады з-за праблем са здароўем правёў усяго 10 сустрэч. Апошняя (супраць расіяніна Аляксандра Волкава) адбылася ў верасні 2017 года ў Ратэрдаме і скончылася паражэннем Штрувэ.

Статыстыка ў прафесійным ММА: выйграў 28 з 37 баёў. Сярод галоўных дасягненняў - датэрміновая перамога над цяперашнім чэмпіёнам UFC амерыканцам Сціпэ Міёчычам. Стыль выступленняў - кікбоксінг, бразільскае джыу-джытсу.

Сёння Андрэй Арлоўскі займае 12-ы радок у рэйтынгу UFC. Яго сапернік замыкае дзясятку наймацнейшых атлетаў, якія выступаюць у змяшаным стылі.

Тэлеканал "Беларусь 5" запрашае сваіх гледачоў 4 сакавіка падтрымаць беларускага байца!