Прэс-рэліз
8 снежня тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапаноўваюць новы выпуск праграмы "Буйным планам". Суразмоўцам аўтара і вядучага праекта Марата Маркава гэтым разам стане Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі і Партугаліі (па сумяшчальніцтве) Павел Латушка.
У 29 гадоў Павел Латушка стаў самым маладым паслом Беларусі. З 2002 па 2008 гг. ён быў паўнамоцным прадстаўніком нашай краіны ў Польшчы, пасля чаго больш за тры гады ўзначальваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Сёння ў якасці пасла Павел Паўлавіч папулярызуе беларускую культуру ў Еўропе, наладжвае адносіны ў сферах экалогіі, транспарту, сельскай гаспадаркі і іншых. У рэгіёнах Францыі праведзена больш за 30 эканамічных прэзентацый сінявокай. Менавіта на дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой ляжыць місія пашырэння айчыннага экспарту. Што даюць гэтыя намаганні і як культурная дыпламатыя дапамагае прасоўваць гандлёвыя інтарэсы? На гэтыя і іншыя пытанні 8 снежня адразу пасля "Панарамы" ў эфіры "Беларусь 1" адкажа пасол Павел Латушка.
Увазе гледачоў будзе прапанавана вялікае інтэрв'ю, у якім гутарка пойдзе аб эканамічных магчымасцях Мінска і Парыжа, а таксама аб атмасферы ў французскай сталіцы пасля тэрактаў і хвалі мігрантаў.
Нагадаем, у аўтарскай праграме "Буйнымпланам" тэлегледачоў чакаюць сустрэчы з людзьмі, якія з'яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі галоўных падзей у нашай краіне і за яе межамі, з людзьмі, якія робяць Беларусь лепшай.












